Я абяцаў жонкам Статкевіча і Бяляцкага, мы не маглі прагаласаваць інакш — дэпутат літоўскага Сейма пра адхіленне вета Наўседы
Літоўскі Сейм 20 красавіка адхіліў вета прэзідэнта краіны Гітанаса Наўседы аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў. Пазіцыя Наўседы была ў тым, каб зраўняць беларусаў і расейцаў у абмежаваннях правоў.
Парламент прагаласаваў за закон са зменамі. Напрыклад, беларусам далі магчымасць усё ж атрымліваць грамадзянства Літвы, у адрозненне ад расейцаў. Таксама беларусы і далей змогуць купляць жытло ў Літве. Гітанас Наўседа наклаў на закон вета, аднак дэпутаты адхілілі і яго — 99 галасоў пры неабходных 71.
«Свобода» пагутарыла з дэпутатам Сейма, прадстаўніком літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Эмануэлісам Зінгерысам, які быў адным з найбольш актыўных прыхільнікаў адхілення вета Наўседы.
«Нам няма чаго дзяліць»
«Такой дыскусіі ў Літве не было на працягу дзесяцігоддзяў. Хаця літоўцы, як і палякі, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах па ўшанаванні памяці Кастуся Каліноўскага, Эміліі Плятэр, Тадэвуша Касцюшкі. Гэта нашы паўстанцы супраць царскіх сатрапаў у Піцеры. Гэта барацьба за нашу агульную свабоду. У старым горадзе Вільні ёсць памятны знак Францішку Скарыну, беларускаму першадрукару. Мы з жалем глядзім праз мяжу, дзе Лукашэнка чыніць невытлумачальныя рэчы з беларускай мовай. Усё гэта было ў нашых дыскусіях, асабліва мы гаварылі пра сотні гадоў разам у складзе Вялікага Княства Літоўскага», — кажа спадар Зінгерыс.
На думку дэпутата, беларусам і літоўцам няма чаго дзяліць, а народы аб’ядноўвае адзін сімвал — Пагоня.
«Нам няма чаго дзяліць — падняты ці апушчаны хвост нашага рыцарскага каня. Гэтая дыскусія адлюстравалася ва ўсіх фракцыях. Беларускі народ шматпакутны. У расейскім народзе былі дзекабрысты, Барыс Нямцоў, акадэмік Сахараў, Кара-Мурза. Але ўвесь расейскі народ не падымаецца супраць сатрапа Пуціна».
Зінгерыс кажа, што ў 2020 годзе беларусы паказалі, што больш не хочуць жыць у дыктатуры.
«Хаця пратэст быў занадта інтэлігентным: спыняліся на святлафорах, не штурмавалі ў Менску цэнтральных будынкаў, урада. Усё было не так, як у нас у 1990 годзе. І ўсё ж заяўка беларускага народа на свабоду была пачутая. Нягледзячы на замбаванне праз тэлевізар ад ранку да вечара, незалежныя апытанні беларусаў паказваюць, што яны супраць вайны».
«Літоўцы здалі экзамен на дзясятку»
Дэпутат Сейма заклікае памятаць, што рэжым Лукашэнкі незаконна знаходзіцца ва ўрадзе, а сапраўды выбраны беларускім народам прадстаўнік — гэта Святлана Ціханоўская.
«Мы заўжды чуем з глыбіні беларускага народу іншыя інтанацыі, таму гэты дыктатар Лукашэнка і не адправіў беларускай арміі ва Украіну. Нават замбаваныя «русским миром» салдаты наўрад ці масава націскалі б куркі, каб страляць ва ўкраінцаў, а хутчэй за ўсё, перайшлі б на бок палка Каліноўскага».
Зінгерыс працягвае, што ўвесь гэты комплекс блізкага суседства з беларусамі і дапамог таму, што парламент так інстынктыўна і масава адхіліў вета Наўседы.
«Гэта было глыбіннае апытанне літоўцаў у іх стаўленні да беларусаў. І гэты глыбінны экзамен літоўцы здалі на дзясятку». Я асабіста ў сотнях размовах гаварыў, што цяперашнія расейцы і цяперашнія беларусы — гэта не адно і тое ж. Але, зазначу, мы не стаім на падмурку нянавісці да расейскага народа. Інстынкты беларусаў на працягу пяці-шасці стагоддзяў ствараліся сумесна з літоўскімі, у рамках ВКЛ. У Беларусі было магдэбургскае права, а не рабства, якое арганізоўвалі маскоўскія князі».
Дэпутат парламента Літвы падкрэслівае, што мае шмат сяброў сярод беларускіх палітвязняў — гэта і Мікола Статкевіч, і Алесь Бяляцкі.
«Мы не маглі здаць нашу агульную мінуўшчыну, наша агульнае паўстанне «за вашу і нашу свабоду», нашых пакутнікаў, Каліноўскага, — гэта была б жудасная здрада. Я кажу гэта са слязамі на вачах, бо ў мяне шмат знаёмых — ад Статкевіча да Бяляцкага — сядзяць цяпер у турмах. Я даў слова Марыне Адамовіч і Наталлі Пінчук, што мы не здадзім вашых герояў. Мы не маглі прагаласаваць інакш».
Сейм Літвы пераадолеў вета прэзідэнта на закон аб абмежаваннях для беларусаў і расіян