Навіны

Як Мікалай Статкевіч хацеў падарыць судовым выканаўцам адзін злоты

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў пра свае сустрэчы з еўрачыноўнікамі, пра тое, ці “думае Еўропа пра Беларусь” і пра рэакцыю беларускіх памежнікаў на з’яўленне былога кандыдата ў прэзідэнты на мяжы.

“У мяне ў кішэні быў адзін польскі злоты, і, калі б ізноў выклікалі на мяжу судовых выканаўцаў, то я сам бы аддаў гэты злоты і запатрабаваў, каб яны канфіскавалі ў кошт штрафаў і правялі ўсе неабходныя працэдуры з афіцыйным афармленнем папер”, – паведаміў палітык сайту palitviazni.info.

“Я разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі быў запрошаны ў Брусель на сустрэчу ў Еўрапарламенце і з прадстаўнікамі Еўракамісіі, – кажа палітык. – Шчыра кажучы, не склалася ўражанне, што Еўропа ўжо забылася пра Беларусь, але існуе пэўны падзел. Ёсць тыя еўрачыноўнікі, якія больш схільныя да нейкіх гульняў з беларускім рыжымам, а ёсць палітыкі, што абіраюцца грамадзянамі, і яны не заўсёды прымаць гэтую пазіцыю, застаючыся на пазіцыях каштоўнасцей. Гэта якраз і было бачна ў Бруселі. Дарэчы, удалося пабываць яшчэ і на канферэнцыі па “Усходняму партнёрству” ў Варшаве, якую ладзіла “Еўрапейская Беларусь”. Многія там таксама казалі, што іх хвалюе адыход еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі ў плане каштоўнасцей. Мой выступ на гэтую тэму быў успрыняты дастаткова добра і эмацыйна”.

Еўрапарламентарыям Мікалай Статкевіч распавёў, што могуць зрабіць беларускія дэмакратычныя сілы і прывёў прыклады, калі аб’яднаннае розных сілаў дапамагло ў свой час перамагчы камунізм.

“Я сказаў што ў нас таксама пачалася спроба аб’яднання апазіцыі, хаця мы не прэтэндуем на партыйнасць, – дадае экс-палітвязень. – Уладзе гэта не вельмі падабаецца, мы ж бачым, колькі адміністрацыйных працэсаў было завдзена пасля правядзення мерапрыемства, на якое не далі дазвол”.

Дарэчы, і сам Мікалай Статкевіч мае вельмі шмат штрафаў за ўдзел у розных акцыях, але прынцыпова іх не аплочвае. Яго ўжо пазбавілі права кіравання машынай, чакаў палітык гэтым разам праблем і на мяжы.

“Як вядома, падчас нядаўняй паездкі ў Польшчу нас усю ноч трэслі на мяжы памежнікі, выклікалі судовых выканаўцаў, нават мае шкарпэткі канфіскавалі, – расказвае ён. – Але зараз на дзіва ўсё спакойна прайшло. Сумленна прызнаюся, што ў мяне ў кішэні быў адзін польскі злоты, і, калі б ізноў выклікалі на мяжу судовых выканаўцаў, то я сам бы аддаў гэты злоты і запатрабаваў, каб яны канфіскавалі ў кошт штрафа і правялі ўсе неабходныя фармальнасці з афармленнем папер. Але, магчыма, быў загад не чапаць Статкевіча, а можа проста раз на раз не прыходзіцца. Хаця асабіста мяне гэтыя сітуацыі не напружваюць пасля ўсяго таго, што давялося прайсці ў турме. Мяне гэта толькі смяшыць”.

palitviazni.info