Навіны

Як выжыць у беларускай турме: парады Яўгена Васьковіча

Самы малады экс-палітвязень за час знаходжання за кратамі па-свойму асэнсаваў турэмныя пастулаты «Не вер, не бойся, не прасі».

Яўген Васьковіч падзяліўся жыццёвымі парадамі, заснаванымі на турэмным досведзе. Аб гэтым піша сайт palitviazni.info.

Не вер

– Няма ў свеце такіх людзей, якія пры збегу пэўных абставін не перакуляць цябе. У кожнага свая мяжа і грань. Таму не варта давяраць таямніцы, спадзявацца на кагосьці: ёсць толькі ты, а ўсе астатнія – толькі людзі часовыя. Але трэба ўлоўліваць мяжу паміж верай і даверам. Інакш можна стаць параноікам. Напрыклад, я нікому не веру, так як кожны чалавек – да канца не вядомая мне асоба; але я многім давяраю, бо ўпэўнены, што пакуль не было прычын біць мяне па галаве цаглінай, да прыкладу.

Не бойся

– Усе мы – біялагічныя істоты і нам уласцівы страх як ахоўная функцыя арганізма. Але часам страх перарастае ў паніку і можа выклікаць у чалавека ступар, што ўжо ніяк нельга назваць спосабам абароны. Няма неабходнасці змагацца са страхам. Дастаткова толькі знайсці з ім гармонію. Гэта прыемнае адчуванне. Прыслухайся да сябе, адчуваючы страх: як б\’ецца сэрца, як пульсуе кроў, шум у вушах, дрыжыкі … Адчуй сябе. Тады страх – зусім не тое, што пра яго звычайна думаюць; гэта – твой асаблівы танец, які абараняе і ахоўвае тваё цела… З такім усведамленнем можна спакойна жыць, атрымліваючы задавальненне ад кожнага моманту быцця. Такое супакаенне, унутраную гармонію не здольныя парушыць ніводны, нават самы страшны, аб\’ект у Сусвеце.

Не прасі

– Мне ніхто і нічым ніколі не абавязаны. Я не той, хто жыве міласцю. Таму турбаваць каго-небудзь сваім сумным жабраваннем я не буду. Калі хто-небудзь захоча дапамагчы, то я не супраць. І ў сваю чаргу я не буду дапамагаць людзям, калі сам знаходжуся ў цяжкім становішчы. Бо калі топішся сам, то ратаваць таго, хто тоне побач не варта, бо ён мог бы і выратавацца, але ты пацягнуў яго за сабой на дно.

Нагадаем, што ў штрафным ізалятары Яўген Васьковіч правёў 360 сутак.

8 траўня 2011 года актывіст быў асуджаны паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных сумах) КК Рэспублікі Беларусь разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлены волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 будынка Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю. На судзе заявіў, што не шкадуе аб зробленым, што ўважае сваім абавязкам – абараняць нацыянальныя беларускія каштоўнасці.

Спачатку адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі №15, а 12 кастрычніка 2011 г. пераведзены на больш жорсткі рэжым у Магілёўскую турму №4. Неаднаразова трапляў у штрафны ізалятар за непадпарадкаванне.

Яўген Васьковіч быў вызвалены з калоніі 22 жніўня 2015 г. указам Лукашэнкі без напісання вязнем прашэння аб памілаванні.