Выбары

Ярмошына: 1 ліпеня патэнцыйныя кандыдаты могуць прыходзіць у Цэнтравыбаркам

У размове са Свабодай старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сёньня сказала, што старт выбарчай кампаніі па абраньні прэзыдэнта Беларусі ў 2015 годзе, найбольш верагодна, будзе дадзены 30 чэрвеня. 

Фармальна з гэтага дня патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта могуць прыносіць дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы:

«Але няхай ужо яны дачакаюцца 1 ліпеня. У гэты дзень наша камісія зьбіраецца на паседжаньне, дзе мы зацьвердзім каляндарны плян усёй выбарчай кампаніі. Пасьля гэтага патэнцыйныя кандыдаты могуць прыносіць сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы і адпаведную заяву з просьбай аб яе рэгістрацыі», — сказала Лідзія Ярмошына.

Згодна з выбарчым заканадаўствам ЦВК павінна прыняць рашэньне аб рэгістрацыі альбо адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы цягам пяці дзён з моманту атрыманьня заявы.

Склад ініцыятыўнай групы не павінен быць меншым за сто чалавек. А вось верхняга абмежаваньня па колькасным складзе няма. Для рэгістрацыі кандыдата на прэзыдэнта ініцыятыўная група мусіць сабраць як найменей 100 тысяч сапраўдных і правільна аформленых подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам.

Старшыня ЦВК спадзяецца, што 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў зацьвердзіць дату выбараў, якія прапануецца правесьці 11 кастрычніка.

Раней тая ж Лідзія Ярмошына называла іншую дату — 15 лістапада. Паводле яе тлумачэньня, калі праводзіць выбары 15 лістапада, то тады патрэбна будзе склікаць пазачарговую сэсію Палаты прадстаўнікоў. Таму выбар зрабілі на карысьць 11 кастрычніка. У гэтым выпадку дэпутаты пасьпяваюць прыняць адпаведнае рашэньне на бягучай сэсіі.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода