Грамадская акцыя

Юрась Беленькі: З БРСМу грошай не бяруць, а з арганізатараў шэсця ў Курапаты патрабуюць

Дзяды ў Беларусі не толькі народны абрад памінання продкаў. З 1988 года свята набыло грамадскую значнасць. Ужо 17 гадоў на Дзяды адбываецца шэсце ва ўрочышча Курапаты, каб там ушанаваць памяць ахвяраў камуністычных уладаў. Традыцыйна арганізатарам акцыі выступае Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Шэсце сёлета пройдзе паводле ўжо традыцыйнага маршруту: збор у нядзелю 1-га лістапада каля Менскага заводу гадзіннікаў а 11:00. Мітынг плануецца распачаць а 14:00 гадзіне ў Курапатах. Неабходныя дазволы з боку сталічных уладаў арганізатары акцыі атрымалі, заяўлены ўдзел 5 тыс. асобаў. Праўда, чыноўнікі як і летась патрабуюць ад арганізатараў акцыі заключэння дамоваў на абслугоўванне акцыі міліцыянтамі, хуткай дапамогі ды камунальных службаў. Адпаведна, паслугі не бясплатныя і зусім нятанныя. Але ці правамерныя гэтыя патрабаванні?

Госць «Гарачага каментара» – арганізатар акцыі «Дзяды-2015», прадстаўнік партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі, які паведаміў, што міліцыя патрабуе ад арганізатараў акцыі больш за Br 32 млн. Спадар Беленькі лічыць гэта парушэннем заканадаўства і канстытуцыйнага прынцыпу роўных правоў, бо грошы не бяруцца з прадстаўнікоў праўладных арганізацыяў, калі тыя ладзяць свае імпрэзы.

МЯ, belsat.eu