Навіны

Юры Рубцоў: Лукашэнка вызваліў людзей, якіх узяў у закладнікі

Былы палітвязень даведаўся аб сваім вызваленні, калі знаходзіўся ў штрафным ізалятары (ШІЗА) бабруйскай папраўчай калоніі.

Фота зроблена 23 жніўня 2015 года

Пра гэта ён распавёў журналістам у ноч з 22 на 23 жніўня, калі прыехаў дадому ў Гомель, пішуць «Беларускія навіны».

Са слоў Юрыя Рубцова, з 14 дзён знаходжання ў бабруйскай калоніі 13 ён правёў у ШІЗА. Ён павінен быў выйсці адтуль 23 жніўня ў 16.20, 22-га пасля вячэры яго выклікалі да начальства і загадалі сабраць рэчы, нічога не тлумачачы. Затым Рубцова вывелі за кантрольна-прапускны пункт, вынеслі ягоную валізку і прапанавалі пераапрануцца ў сваю вопратку. Толькі пасля гэтага актывісту паведамілі, што ён памілаваны пастановай Лукашэнкі.

Рубцоў вельмі здзіўлены і незадаволены тым, што яго памілавалі, так як, са слоў актывіста, яго павінны былі апраўдаць.

«Лукашэнка зрабіў чарговы фінт, вызваліў людзей, якіх узяў у закладнікі», – сказаў былы палітвязень.

Паводле слоў Рубцова, у папраўчых установах да людзей звяртаюцца груба, як да жывёл, «размаўляюць толькі крыкам», прымаць ежу людзі вымушаныя там жа, дзе ходзяць у туалет.

Актывіст таксама паведаміў, што з боку адміністрацыі калоніі да яго ўжываліся розныя рэпрэсіі, але гэта яго не зламала.

Рубцоў распавёў, што да певоду ў бабруйскую калонію, калі ён яшчэ знаходзіўся ў следчым ізалятары ў Баранавічах, ён зрабіў сабе вышыўку на кашулі спецыяльна для працоўных СІЗА. На спіне было вышыта: «Асудзіўшы мяне, вас пазбавілі права абурацца жабрацкім заробкам», на грудзях – «Называйце рэчы сваімі імёнамі».

Рубцоў перакананы, што ні адна палітычная сіла не павінна ўдзельнічаць у цяперашніх прэзідэнцкіх «выбарах», таму што «гэта фарс». Гаворачы аб сваіх найбліжэйшых планах, гомельскі актывіст заявіў, што будзе «змагацца далей».

Нагадаем, у кастрычніку 2014 года Юры Рубцоў быў асуджаны паводле артыкула 391 КК (абраза суддзі або народнага засядацеля). Суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў яго да аднаго з паловай года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Новая справа ў дачыненні да гомельскага актывіста была заведзеная ў сакавіку гэтага года паводле артыкула 415 КК (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) пасля таго, як палітвязень адмовіўся ад працы з заробкам ніжэйшым за 600 даляраў (паводле афіцыйнай статыстыкі, гэта сярэдні заробак у краіне) .

У траўні суд Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці прызнаў Рубцова вінаватым і прысудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну. У ліпені Берасцейскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Рубцова і пакінуў прысуд без зменаў.

«Міжнародная амністыя» прызнала Рубцова вязнем сумлення.

Хартыя\’97