Навіны

Юры Рубцоў пра харчаваньне вязьняў у баранавіцкім ізалятары: «Кормяць як сьвіней»

Амаль месяц таму, 29 траўня, актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, вядомы сваім публічным заклікам да Лукашэнкі аб адстаўцы, быў асуджаны яшчэ на 2 гады зьняволеньня. Суд над «хімікам» Юрыем Рубцовым праходзіў у Пружанах, а трымаюць актывіста дагэтуль у баранавіцкім СІЗА, бо яшчэ не разгледжаная ягоная касацыйная скарга. Да суду Юры Рубцоў амаль месяц трымаў галадоўку пратэсту. Як палітвязень пачуваецца? Што паведамляе пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары?

Жонка Рубцова Ядвіга паведаміла карэспандэнту Свабоды, што ў апошнім лісьце дамоў ён паскардзіўся на дрэннае харчаваньне ў СІЗА і нават параўнаў яго з тым, як кормяць сьвіней.

«Напісаў, што зусім дрэнна стала з харчаваньнем, што кормяць, як сьвіней. Нават у параўнаньні з „хіміяй“ у Купліне тут горш. Там самі гатавалі, хто як мог, а тут даводзіцца есьці, што даюць. А даюць, відаць, абы-што».

Шмат месца ў апошнім лісьце дамоў Юры Рубцоў адвёў палітычным справам. У прыватнасьці, ён даводзіць, што на выбары ня трэба ісьці, бо ад іх нічога не залежыць, і што нічога ня зьменіцца, пакуль пры ўладзе застаецца Аляксандар Лукашэнка. «Гэта ягоная нязьменная пазыцыя», — камэнтуе ліст Юрыя Рубцова ягоны сын Віктар, які сам адносна выбараў мае іншую думку.

— У яго і раней была пазыцыя, што выбары немагчымыя і таму патрэбны байкот, каб пакінуць аднаго кандыдата. Але, як я мяркую, гэта немагчыма і ўсё роўна знойдзецца нехта, хто пойдзе на выбары таксама, хаця б нейкі падстаўны кандыдат.

— А што чуваць наконт касацыі? Ці яна прызначана?

— Не, пакуль нам нічога не паведамілі. Мы спадзяёмся, што разгляд касацыйнай скаргі будзе адкрыты. Можа, нават і яго туды прывязуць. Хацелася б паехаць і падтрымаць яго. Але пакуль зьвестак няма.

Паводле адваката Юрыя Рубцова, разгляд ягонай касацыйнай скаргі, якую падалі 9 чэрвеня, яшчэ не прызначаны.

Грамадзкі актывіст Юры Рубцоў асуджаны на 2 гады зьняволеньня нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня «хіміяй». У спэцкамэндатуры «Куплін», куды Рубцова накіравалі на 1,5 года за зьнявагу судзьдзі, ён нібыта адмаўляўся працаваць. Сам Рубцоў у судзе казаў, што не адмаўляўся працаваць увогуле, але не пагаджаўся з прапанаванымі яму працамі, заробак на якіх быў ніжэйшы, чым сярэднямесячны па краіне. «Лукашэнка абяцаў усім па 600 даляраў заробку, але падмануў», — казаў Рубцоў у апошнім слове на працэсе.

Да «хіміі» Юры Рубцоў быў асуджаны за тое, што публічна зьняважыў судзьдзю, які пагадзіўся судзіць яго. Напярэдадні Юрыя Рубцова затрымалі за нашэньне майкі з заклікам «Лукашэнка сыходзь», сарвалі зь яго майку і гэтак, паўраспранутага, прывезьлі ў суд. Падчас адбыцьця «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе на грудзях тату з тымі ж словамі — «Лукашэнка сыходзь».

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода