Грамадская акцыя

Юрый Ляшэнка: Акцыя папярэджання адбудзецца дзякуючы мужнасці беларусаў

Людзі давялі, што яны ўмеюць згуртавацца і ў патрэбны момант выйсці на Плошчу.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Светлагорску Юрый Ляшэнка.

– Ці плануеце вы ўзяць удзел у надыходзячай Акцыі папярэджання супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017»?

– Натуральна, я буду на Акцыі папярэджання ў Менску 8 верасня! На яе сапраўды важна выйсці, бо расейскія войскі ў велізарнай колькасці прыбываюць на тэрыторыю Беларусі і пагроза таго, што яны застануцца, наколькі высокая, што нам неабходна рэагаваць.

Вучэнні могуць стацца правакацыяй з боку Расеі. Нядаўна Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб выкарыстанні СПА на мяжы Беларусі з ЕЗ, то бок, паволі расейскія войскі запаўняюць нашу краіну.

– Што б вы хацелі сказаць беларусам напярэдадні Акцыі папярэджання?

– Адназначна на акцыю 8 верасня неабходна выйсці. Мы павінны паказаць, што нам не патрэбныя чужыя войскі на нашай тэрыторыі. Мы – незалежная краіна, якая супраць вайсковых вучэнняў з Расеяй.

– Аднаго з лідараў БНК Мікалая Статкевіча арыштавалі на 20 дзён, учора таксама быў затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. На ваш погляд, ці паўплываюць арышты апазіцыйных палітыкаў на правядзенне Акцыі папярэджання?

– Гэтыя падзеі не павінны паўплываць на акцыю. Арыштаваўшы Мікалая Статкевіча, улады выкарысталі ранейшыя метады. Лідар БНК ужо быў затрыманы перад святочнай акцыяй 1 траўня. Але беларусы паказалі, што яны ўмеюць згуртавацца, каб у патрэбны момант выйсці на Плошчу. Таксама і Акцыя папярэджання адбудзецца дзякуючы мужнасці і салідарнасці простых людзей.

Хачу падкрэсліць, што, нягледзячы ні на што, трэба выходзіць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску а 19.00 8 верасня і пратэставаць супраць «Захаду-2017».

Нагадаем, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ў верасні. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў – больш за 4-ы тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.

У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавым. Таксама паведамляецца, што запланаваныя рэйды на «частцы мясцовасці» каля Дрэтуні.

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Хартыя97