Навіны

Юрый Рубцоў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Пружанаў

У дачыненні да палітзняволенага Юрыя Рубцова  абраная мера стрымання – заключэнне пад варту. 6 красавіка ён быў змешчаны ў Пружанскі ізалятар часовага ўтрымання.

Па звестках праваабаронцаў “Вясны”, Рубцоў адмовіўся ад прапанаванага яму мясцовага адваката і абвесціў галадоўку. Таксама адмовіўся ад дачы паказанняў следчаму Вользе Барадоўскай, якая вядзе ягоную крымінальную справу.

Магчыма, у чацвер палітзняволенаму, які адбываў пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу №7 у Купліне, будзе афіцыйна прад’яўленае абвінавачванне. Пасля гэтага Рубцова перавядуць ў бліжэйшы следчы ізалятар (СІЗА), верагодна ў Баранавічы.

Як паведаміла “Радыё Свабода”, Рубцову «прад’яўлена абвінавачваньне па артыкуле 415 (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і прыменена мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Падставай да ўзбуджэньня крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнаньня за парушэньне парадку і ўмоваў адбыцьця пакараньня, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць паводле накіраваньня адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасад, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхіленьня ад адбыцьця пакараньня паводле выраку суду», — паведаміла Радыё Свабода галоўны інспэктар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранькова.

Палітзняволенага Юрыя Рубцова 6 красавіка вывезлі з ўстановы адкрытага тыпу №7 у Купліне ў раённы аддзел Следчага камітэта ў Пружаны нібыта для правядзення следчых дзеянняў. Пазней стала вядома, што супраць Юрыя Рубцова ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі). Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 3 гадоў.

Юрый Рубцоў 6 кастрычніка 2014 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менска па арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза судзьдзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №7. 22 снежня 2014 года накіраваны для адбыцця пакарання ў вёску Куплін Пружанскага раёна.