З ініцыятывы камітэту «Салідарнасьць» руху За свабоду ў Беларусі пачалася кампанія салідарнасьці з палітвязьнямі «Тыдзень палітвязьня»
Пачынаючы з 17 чэрвеня, пра кожнага з палітвязьняў на сайце www.salidarnasc.org будуць разьмяшчацца артыкулы, успаміны, разважаньні палітыкаў.
Арганізатары кампаніі запрашаюць людзей актыўна пісаць палітвязьням.
Актывіст Зьміцер Хведарук распавёў падрабязнасьці карэспандэнту «Свабоды».
«Кожны тыдзень тэме палітзьняволеных будзе прысьвячацца 5 матэрыялаў, як 5 нагодаў напісаць палітзьняволеным. Матэрыялы будуць распавядаць пра палітвязьня як пра асобу. Прыкладам, з гэтага тыдня кампанія распавядае пра Міколу Статкевіча: як пра вайскоўца, патрыёта, бацьку, мужа, беларускага палітыка. Гэта будуць расповеды пра ягоную дзейнасьць, хобі, захапленьні. Такая форма прыдумана намі, каб людзям было больш матывацыі напісаць ліст Міколу Статкевічу ня толькі як нейкаму далёкаму, вядомаму палітыку, але і як звычайнаму чалавеку. Каб людзі маглі адчуць нейкую духоўную сувязь з гэтым чалавекам. Па напісаньне артыкулаў мы зьвяртаемся да сяброў, паплечнікаў, сваякоў палітвязьняў. Штосьці бярэм са старых матэрыялаў, у тым ліку з інтэрнэту. І яшчэ асаблівасьць — што мы зьвяртаемся таксама да эўрапейскіх палітыкаў з просьбай дзяліцца сваімі ўспамінамі, пакідаць свае камэнтары. Пра Міколу Статкевіча, прыкладам, на гэтым тыдні будзе ўспамін ад старшыні Эўрапарлямэнту Марціна Шульца».
Першы тыдзень будзе прысьвечаны кандыдату на прэзыдэнта Мікалаю Статкевічу, які цяпер у Магілёўскай турме.
Марына Адамовіч, ягоная жонка, выступаючы перад журналістамі, падкрэсьліла, што салідарнасьць яму вельмі патрэбная, хоць Мікалай Статкевіч і вельмі мужны чалавек: у 2011-м увогуле быў пэрыяд, калі ні ад яго ніводзін ліст не даходзіў, ні яму не перадавалі лістоў. Ён вытрымаў гэтую сытуацыю, але ўсё роўна такія акцыі вельмі патрэбныя і яму, і ўсім іншым палітвязьням.
Іна Кулей, старшыня Камітэту «Салідарнасьць», сказала, што пра Мікалая Статкевіча ўжо напісаў артыкул кіраўнік Эўрапарлямэнту Марцін Шульц. Гэты артыкул будзе зьмешчаны на сайце. Таксама арганізатары прапануюць простым грамадзянам дасылаць паштоўкі на імя кожнага з палітвязьняў, гэты тыдзень — на імя Мікалая Статкевіча. На сайце ёсьць яго адрас. У офісе «За свабоду» можна ўзяць адмысловыя паштоўкі, каб дасылаць палітвязьням.
Іна Кулей мяркуе, што падобныя кампаніі неабходныя ня толькі палітвязьням, але і ўсяму беларускаму грамадзтву:
«Мы спадзяемся на тое, што беларусы, якія ўжо праявілі сябе як салідарныя людзі і падчас выбуху ў мэтро, і падчас складаных падзеяў на Плошчы ў 2010, 2006 гадах, і зараз праявяць гэтую салідарнасьць. Пакажуць, што мы народ, народ з грамадзянскай пазыцыяй. Што ў вольнай краіне, у свабоднай Беларусі ня можа быць палітычных зьняволеных. Мяркую, гэтыя людзі возьмуцца за рукі і, напісаўшы свае лісты, будуць патрабаваць вызваленьня палітвязьняў».
Кампанія разьлічаная на дзевяць тыдняў, паводле ліку палітвязьняў, і скончыцца пры канцы жніўня, калі мае выйсьці на волю Зьміцер Дашкевіч.
Наступны тыдзень будзе прысьвечаны лідэру БХД Паўлу Севярынцу, потым — Зьмітру Дашкевічу, Эдуарду Лобаву, Мікалаю Аўтуховічу, Алесю Бяляцкаму, Ігару Аліневічу, Аляксандру Францкевічу, Мікалаю Дзядку.
Арганізатары спадзяюцца, што будзе шмат допісаў, шмат рэзанансу, шмат маральнай дапамогі палітвязьням, і гэтыя намаганьні грамадзтва паскораць іх вызваленьне.
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода