З нагоды арышту калумністаў "Рэгнума".
Іх абвінавачванне па крымінальнаму артыкулу “распальванне міжнацыянальнай варожасці” не вельмі пераконвае. Так, пісалі зневажальныя словы на адрас беларускай мовы, ставілі пад сумненне існаванне беларусаў, як самастойнай ад рускіх нацыі. Што само па сабе непрыстойна для тых, хто жыве на беларускай зямлі і нават заслугоўвае адміністрацыйнага пакарання. Але ж і гэты “прэзідэнт” называў беларусаў “рускімі са знакам якасці” і публічна выказваў зневажальныя для нашай мовы ацэнкі. І яго за гэта не арыштавалі.
Чаму ж цяпер менавіта такое абвінавачванне і такія жорсткія меры стрымання па ім?
Справа ў тым, што рэжым, у сітуацыі пагрозы нашай дзяржаўнасці ад яго маскоўскіх гаспадароў, выбраў стратэгію ўнутранага баланса. Яны называюць гэта “прайсці паміж рускімі і нацыяналістамі”. Вось затрымалі і асудзілі “нацыяналіста” Эдуарда Пальчыса, які жорстка крытыкаваў Расію за яе дзеянні супраць незалежнасці суседніх дзяржаў. Цяпер па такому ж самаму крымінальнаму артыкулу затрымалі беларускіх прапагандыстаў “рускага свету”.
Але ж апошнія не толькі непрыемна выказваліся наконт беларусаў. Яны яшчэ называлі Беларусь “недадзяржавай”. Па сутнасці, заклікалі да ліквідацыі Расіяй нашай дзяржаўнасці, што можа прывесці да вайны, крыві, гвалту, пакутаў нашага народу. А для такога злачынства ў крымінальным кодэксе любой краіны, Беларусі і Расіі ў тым ліку, ёсць зусім іншы артыкул.
Беларускі рэжым паставіў на адну дошку тых, хто бароніць дзяржаўнасць нашай краіны і тых, хто спрабуе яе знішчыць.
Адна справа, калі людзі ў сваёй хаце сварацца і крытыкуюць адзін другога ці суседзяў. Зусім іншая, калі нехта зазывае ў нашую агульную хату забойцаў, спрабуе падпаліць і разбурыць яе.
Геапалітычны баланс – цалкам прымальная стратэгія для невялікай дзяржавы. А ўнутранае балансаванне ўлады паміж патрыётамі і ворагамі дзяржаўнасці сведчыць пра слабасць, залежнасць і безадказнасць гэтай улады. Мы можам казаць не пра “недадзяржаву”, а пра “недаўладу”.
Тым болей, што на мяркуемага асноўнага крамлёўскага гледача гэтага спектакля такая гульня чаканага эфекту не акажа. Там яе ўжо трактуюць так – распусціў мясцовых бандэраўцаў, не спраўляецца. Зрэшты, там зараз усё, акрамя жадання “ўстаць у строй”, будуць трактаваць на карысць рэцэптаў, якія выказвае “Рэгнум”.
Мікалай Статкевіч, Facebook