Навіны

За кратамі ўсе роўныя, але некаторыя яшчэ раўнейшыя

Ці ўсім зэкам — адпаведна з законам — жывецца за кратамі аднолькава? Ад некаторых зьняволеных у адказ на гэтае пытаньне даводзіцца чуць перафразаваную на турэмны лад вядомую цытату пра жывёлаў з кнігі Джорджа Оруэла «Фэрма»: «За кратамі ўсе роўныя, але некаторыя яшчэ раўнейшыя».

Пра роўных і раўнейшых зьмясьціў нататку на сваім акаўнце ў Фэйсбуку палітвязень, фігурант Плошчы Аляксандар Малчанаў.

«Беспрадзел» па-навасадаўску

Аўтар гэтай нататкі — асуджаны папраўчай установы № 14, дзе ў 2012–2013 гадах адбываў паўторнае пакараньне за крымінальную справу сам Аляксандар. Пасьля вызваленьня Малчанаў надалей падтрымлівае кантакты зь некаторымі сядзельцамі. Імя чалавека, які ў сваім лісьце распавёў пра актуальную сытуацыю ў калёніі, не называе, «бо яму яшчэ сядзець доўга».

Як піша знаёмец Малчанава, «двое асуджаных за асабліва цяжкія забойствы — Дзьмітры Шабан і Аляксандар Талаласаў — на замову адміністрацыі робяць халодную зброю: паляўнічыя нажы, катаны, шаблі… Частка прадукцыі ідзе на „падарункі“ розным камісіям, якія наведваюць ПК-14 два-тры разы на тыдзень. А частку супрацоўнікі калёніі проста бяруць на свае патрэбы».

Таксама паведамляецца, што «ўсе важныя пасады сярод асуджаных (загадчык гаспадаркі, днявальны штабу і г.д.) разьмеркаваныя сярод тых, хто мае цяжкія і асабліва цяжкія артыкулы з тэрмінамі ад 15 да 25 гадоў. Маючы такі „дах“, яны перш за ўсё перасьледуюць свае карысьлівыя мэты (прадаюць спальныя месцы, замаўляюць для сябе ці сваіх людзей грашовыя пераводы з волі і г.д.»

Напрыклад, асуджаны на 25 гадоў за цяжкае забойства Саша «Кабан» — «правая рука» начальніка калёніі і ягонага намесьніка. «У яго ёсьць ключы ад іхніх кабінэтаў, у тым ліку свой асабісты ключ ад памяшканьня для тэлефонных перамоваў. Ён можа там зачыняцца і тэлефанаваць колькі хоча. У выніку адведзены на тэлефанаваньні асуджаных час скарачаецца, і людзі не пасьпяваюць патэлефанаваць. Ніводзін „атраднік“ ня ў стане пярэчыць „Кабану“. І падобнае робіцца спрэс».

«На наша патрабаваньне заўгас быў вызвалены з пасады»

Азнаёміўшыся зь лістом ананімнага вязьня, кіраўніца арганізацыі «Плятформа» Алёна Красоўская-Касьпяровіч назвала станоўчым тое, што падобныя сыгналы выходзяць на волю. Паводле яе словаў, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў мусіць адрэагаваць на падобны сыгнал:

«Калі асуджаныя ў калёніі строгага рэжыму вырабляюць зброю, гэта па-за межамі разуменьня. Ня кажучы ўжо пра тое, што ў гэтым канкрэтным выпадку гэта ўвогуле супрацьзаконна. Шмат пытаньняў выклікае і некантраляваны доступ да тэлефону асуджанага за цяжкае забойства. Хоць усе званкі, якія робяцца асуджанымі з зоны, праслухоўваюцца, і ёсьць надзея, што ў выпадку нейкіх злачынных плянаў адміністрацыя на іх апэратыўна адрэагуе… Ёсьць пэўныя правілы, паводле якіх асуджаныя атрымліваюць тэлефанаваньні, і тут усе павінны быць у роўных умовах».

Зьвяртаю ўвагу суразмоўцы на наступныя радкі допісу: «Усе важныя пасады сярод асуджаных (загадчык гаспадаркі, днявальны штабу і г.д) разьмеркаваныя сярод тых, хто мае цяжкія і асабліва цяжкія артыкулы з тэрмінамі ад 15 да 25 гадоў». Сыгналы пра падобныя рэчы паступалі ў нашу праграму і зь іншых калёніяў. Адміністрацыя не павінна ўлічваць такія моманты?

Красоўская-Касьпяровіч: «Вядома, адміністрацыя калёніі павінна ўлічваць гэтыя моманты, аднак яны, пэўна, не заўсёды вызначальныя для кіраўніцтва папраўчай установы. Узгадваю сытуацыю, калі ў папраўчай калёніі № 20 у Мазыры на пасадзе заўгаса пакояў для працяглых спатканьняў знаходзіўся забойца з тэрмінам пакараньня больш як 20 гадоў. Калі мы даведаліся, што чалавек учыніў такое злачынства і ён гіпатэтычна можа быць небясьпечны, мы паставілі адпаведнае пытаньне перад кіраўніцтвам калёніі. І нам пайшлі насустрач. Яшчэ адзін выпадак — калі „Плятформа“ атрымала калектыўны ліст ад сядзельцаў адной з ПК, што заўгас іхняга атраду сыстэматычна вымагае грошы ў асуджаных і ўжывае да нязгодных фізычную сілу. З гэтай скаргай мы зьвярнуліся да адміністрацыі калёніі, і пытаньне на наша патрабаваньне было вырашанае цягам дня — чалавека вызвалілі ад пасады. Зазначу, аднак, што ў турэмнай супольнасьці няма таго, што завецца калектывам».

«Час, калі зэкі самастойна вырашалі пытаньні, кіруючыся так званымі „паняцьцямі“, або няпісаным турэмным законам, які рэглямэнтуе зэкаўскія паводзіны ды стасункі, паступова адыходзіць, — мяркуе кіраўніца „Плятформы“. — Добра гэта ці кепска, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё — гэта натуральны працэс, калі менш важнае і вызначальнае адыходзіць на другі плян, а застаецца тое, што больш патрэбна».

«Паняцьці» прымушалі памятаць пра правілы супольнага жыцьця

Мянчук Алег пабываў за кратамі аднойчы і нядоўга. Сядзеў за дробнае хуліганства. Але яму, як і дасьведчаным крымінальнікам, катэгарычна не падабаецца, што ў беларускіх турмах загадам кіраўніцтва проста так узялі ды зьнішчылі «паняцьці», якія гістарычна рэгулявалі дачыненьні паміж асуджанымі.

Алег: «Сёньня на зоне кожны жыве як хоча. Жарэ іншага, „стукае“. „Паняцьці“ дзейнічалі зусім не для таго, каб прыцясьняць іншых. Проста неабходна разумець, што ня трэба камусьці псаваць жыцьцё. Калі ты, напрыклад, ня мыесься, калі ты „мурзаты“, „сьмярдзюк“, на турэмным слэнгу „чорт“, — то, калі ласка, жыві недзе на ўваходзе, а ня лезь у агульны пакой, дзе людзі будуць пакутаваць з-за тваёй прысутнасьці. Калі ты ня ўмееш сябе паводзіць у грамадзе, то атрымаеш па мазгах. Не таму, што цябе хочуць прыцясьніць. Таму што ты павінен разумець, што калі мы разам апынуліся ў адной клетцы, трэба разумець адзін аднаго. Невыкананьне такіх правілаў ні да чога добрага не давядзе».

Былы асуджаны Зьміцер Вольны ў мінулым меў салідны крымінальны стаж. Сядзеў яшчэ ў 1990-я, у тым ліку і ў Навасадах. Нядрэнна ведае і асуджанага па мянушцы «Кабан», пра якога ў сваім лісьце напісаў сябар Аляксандра Малчанава. Зьмітра Вольнага ані не зьдзіўляе тое, пра што гаворыцца ў допісе з ПК-14.

«Турма — ня тое месца, дзе трэба шукаць справядлівасьці. Сёньня хто на зоне самы роўны — гэта так званыя „казлы“ — зэкі, блізкія з так званымі „кумамі“ або адміністрацыяй.) Да „казлоў“ належыць і асуджаны па мянушцы „Кабан“. Я яго ведаю — звычайная „шасьцёрка“. Бандзюган, які скурвіўся пад прэсам абставінаў. Хоць, можа, і заўсёды такі быў. Проста раней не было магчымасьці раскрыцца.

Каму яшчэ сёньня добра за кратамі? Тым, хто мае грошы, мазгі і да таго ж чалавек камунікабэльны.

Што тычыцца аўтарытэтаў… Так званых „чорных зонаў“, як у суседняй Расеі, дзе ўсё вырашаюць праз крымінальныя паняцьці „блатныя“, а мянты нічога не вырашаюць, — такіх зонаў у Беларусі ўжо не засталося. Але сказаць, што беларускія зоны цалкам „чырвоныя“, таксама ня скажаш. Бо ёсьць тыя ж блатныя („бродяги“), якія прызнаюць выключна турэмныя законы, ёсьць „абшчак“,„смотрящие“, па-ранейшаму ёсьць гульні на грошы ў карты, нарды… Значыць, з блатнымі парадкамі ня ўсё скончана».

«Як палітвязьню мне было цяжэй…»

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны двойчы. За кратамі ўтрымліваўся больш за іншых палітзьняволеных — сем з паловай гадоў. Сярод месцаў адседкі — «Валадарка», колішняя менская калёнія на Кальварыйскай, івацэвіцкая «пяцёрка», Гарадзенская крытая турма.

Паводле Аўтуховіча, турэмны закон аднолькавы не для ўсіх. Як палітычнаму яму часам было цяжэй, чым крымінальнікам. Напрыклад, тыя ж тэлефанаваньні на волю, якія вельмі шмат значаць для вязьняў. Іх колькасьць вызначаная адпаведнымі нарматыўнымі актамі. Аднак насамрэч…

«У Івацэвіцкай калёніі, калі згодна з законам, то можна было тэлефанаваць чатыры разы на месяц. Але адміністрацыя дазваляла толькі тры, спаслаўшыся на тэхнічныя магчымасьці. У гарадзенскай турме карыстацца тэлефонам мне не дазвалялі ўвогуле. І не адказвалі — чаму адмаўляюць. „Не, і ўсё“. Я з турмы ніводнага разу не патэлефанаваў», — падкрэсьлівае ён.

За калючым дротам Аўтуховічу давялося паназіраць за паводзінамі ды жыцьцём прадстаўнікоў розных крымінальных кастаў: «брадзягаў», «мужыкоў», «казлоў»:

«Калі кажуць „брадзяга“, то маюць на ўвазе „блатнога“, прафэсійнага крымінальніка, які жыве „па паняцьцях“. Самая ж колькасна вялікая каста — гэта „мужыкі“, тыя, хто трапіў за краты больш-менш выпадкова. Заўсёды ў традыцыях „брадзяг“ было глядзець за калёніяй і пільнаваць, каб „мужыку“ было добра. Калі „брадзягі“ не зьвяртаюць увагі на „мужыка“, гэта ўжо не „брадзягі“, гэта тыя, хто працуе на опэраў і каго называюць „казламі“. Я ня раз чуў, калі яны казалі „мужыку“: калі не забярэш сваю скаргу, мы табе хрыбет пераламаем. Ну адкуль гэта ідзе? Толькі ад адміністрацыі».

Як перакананы былы палітвязень, у кожнага ЗК розныя магчымасьці карыстацца сваімі правамі, абгаворанымі ў заканадаўстве. Заўжды ў калёніі ёсьць зэкі, у якіх значна больш магчымасьцяў, чым у іншых. Гэта своеасаблівая каста, якая не сама сябе стварыла, а існуе з ласкі і патрэбы адміністрацыі.

«Калі гаварыць пра тое, каму там больш дазволена, а каму — не, — працягвае Аўтуховіч, — я скажу так: крымінальнікі, якія атрымалі вельмі вялікія тэрміны, напрыклад, дваццаць гадоў, — яны заўсёды паводзяць сябе так, каб ім добра было сядзець. Таму яны кантактуюць з адміністрацыяй заўсёды. Мала хто з такім тэрмінам будзе канфліктаваць з адміністрацыяй. Таму яны працуюць на яе. Сэксотамі могуць быць, даносяць. За гэта ім даюць нейкія пасады, на якіх яны могуць зарабляць грошы. Там усё прадаецца, на ўсім зарабляюцца грошы. Я хацеў атрымаць перадачу, з увагі на стан здароўя, цалкам законную, але падпісаць заяву ня мог. І да мяне падышоў адзін, кажа: давай я табе падпішу, дай два блёкі цыгарэт толькі. І так і сталася: пайшоў і падпісаў.

І потым я пытаюся ў апэратыўніка, калі выклікалі на гутарку: „Чаму так атрымліваецца: я паспрабаваў вырашыць легальна, а мне ад варот паварот. А тут прыйшоў крымінальнік, які за цыгарэты робіць, і ўсё?“

Апэратыўнік кажа: тут традыцыя такая.

Некаторыя крымінальнікі могуць і спатканьне з роднымі зрабіць пазачарговае, і тэлефонную размову, бо яны штосьці з гэтага маюць. І ім гэта дазволена. А іншаму гэта дазволена ня будзе. Тым больш у кожнага афіцэра там ёсьць свае зэкі, якія чымсьці дапамагаюць у прыватным пляне. Таму ім таксама больш дазволена, чым іншым. Вось неяк так там усё робіцца».

А ці бываюць крымінальнікі, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з адміністрацыяй?

Аўтуховіч: «Я ведаў такіх людзей, якія мелі вялікія тэрміны — больш за дзесяць гадоў, за пятнаццаць, якія заўсёды пісалі паперы, што „ня згодны, ня згодны“ (са сваім прысудам). Яны ёсьць, такія людзі, крэмні. Але ў асноўным тыя, хто зь вялікімі тэрмінамі, маюць там прывілеі — працуюць, падпрацоўваюць, падслухоўваюць, агенты. Але й тыя, хто мае грошы, яны таксама могуць мець нейкую пасаду».

Мікалаю Аўтуховічу падчас першай адседкі давялося сядзець на зоне, якая ў 1990-я лічылася «чырвонай». А падчас другой адседкі — у івацэвіцкай «пяцёрцы», якая традыцыйна лічылася «чорнай». Якія адрозьненьні?

Аўтуховіч: «На Кальварыйскай быў узмоцнены рэжым, а ў Івацэвіцкай ужо — строгі. Першая больш выглядала на „чырвоную“ зону. Там шмат сядзела ўсякіх чыноўнікаў, міліцыянтаў, дырэктараў, памежнікаў… Таму там было больш прыціску. Усё паводле распарадку дня. Уся калёнія выходзіла на зарадку, бо зранку хадзілі і ўсіх правяралі. А вось у Івацэвіцкай я знаць ня знаў, што такое зарадка. Таму выходзіў сам, каб падыхаць паветрам чыстым. “Пяцёрка” падзеленая на дзьве паловы. У адной жывуць тыя, хто працуе, а ў другой — тыя, хто адмаўляецца ад працы і не кантактуе з адміністрацыяй. І тыя, хто можа зрабіць нешта і зарабіць на гэтым, яны больш у працоўнай зоне сядзяць. Заўгасы, якіх я ведаў, кожны дзень хадзілі ў адміністрацыю. Яны вырашаюць пытаньні, могуць аднаго пакараць, другога наадварот. За кавалак сала зь перадачы, напрыклад, зрабіць тэлефонную размову хутчэй ці больш, чым гэта дазволена».

«Калі б запыталіся, якую зону можна назваць „чорнай“, я б сказаў, што гэта Горкі, — працягвае былы палітвязень. — Бо там чыняць „чарнягу“, „беспрадзел“. Я ў гарадзенскай турме столькі пачуў пра гэтую калёнію ў Горках, што мама-мама, там вельмі цяжка. Там ламаюць людзей, проста ламаюць. Зэкі на замову апэратыўнікаў усё гэта „муцяць“. Калі ў нас у калёніі пачалі хапаць людзей з тэлефонамі мабільнымі, іх усіх везьлі, як на выхаваньне, у Горацкую калёнію. І там іх усіх — які б ты ні быў крымінальнік, „брадзяга“ — і „брадзягам“ там хрыбты ламалі. Хто не ламаецца, іх хуценька з той калёніі ў турму».

Як сядзіцца «зладзеям у законе»?

Супрацоўнікі «Плятформы» ня так даўно наведалі Горацкую калёнію ў рамках маніторынгу. Дарэчы, сустракаліся там і зь вядомым крымінальным аўтарытэтам Дзьмітрыем Галеем. На той момант ён адбываў пакараньне ў камэры ШЫЗА.

«Я б не сказала, што Горкі — гэта тая калёнія, дзе пануе „беспрадзел“. Таксама не назвала б яе „чорнай“, — кажа кіраўніца „Плятформы“ Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Гэта ўстанова, дзе надзвычай цяжкія ўмовы для адбыцьця пакараньня. А таму гэтую калёнію ўвогуле варта цалкам зьнесьці, а замест яе пабудаваць новую. Калі ж гаварыць пра тое, што тут сядзіць злодзей у законе Галей, то гэта не таму, што ён прыехаў у Горкі дзеля нейкага кантролю. Галей і раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, а ПК-9 — для тых, хто асуджаны паўторна. Думаю, што злодзеі ў законе ў беларускім крымінальным сьвеце захоўваюць пэўнае лідэрства, аказваюць пэўны ўплыў на прыняцьце нейкіх рашэньняў. Але гэта зусім ня тое, што было раней. Гэтаксама, як і ўсе астатнія, яны ходзяць у сталоўку, выконваюць нейкія працы, а калі адмаўляюцца, то караюцца дысцыплінарна. Думаю, што ўмовы адбыцьця пакараньня ў „аўтарытэтаў“ максымальна набліжаныя да ўмоваў адбыцьця пакараньня іншых зьняволеных. Тая ж колькасьць тэлефанаваньняў, перадачаў, спатканьняў, максымальнай сумы атаваркі (залежна ад рэжыму ўтрыманьня). Як і астатнія ЗК, яны павінны гэтаксама выконваць распарадак дня, выконваць іншыя правілы знаходжаньня ў няволі».

«Папраўчая калёнія — гэта міні-мадэль нашага вольнага грамадзтва»

«Калі гаварыць на тэму роўнасьці ў турме, то трэба зьвярнуць увагу і на такую акалічнасьць, — працягвае кіраўніца „Плятформы“.—Папраўчая калёнія — гэта міні-мадэль нашага вольнага грамадзтва, дзе „раўнейшымі“ нярэдка становяцца ня самыя маральныя людзі, а тыя, хто мае талент уваходзіць у давер да патрэбных людзей, падабацца ім, Магу сказаць, што многія з асуджаных на вялікі тэрмін імкнуцца да гэтага, але ж удаецца такое далёка ня ўсім… Хацелася б, каб усе былі роўнымі, аднак і ў няволі, як і на волі, такое немагчыма».

«Віцьба», недзе 2010. «Раўнейшыя» з ПК-3 («Віцьба») фатаграфаваліся на мясцовым стадыёне на мабільны тэлефон, хоць простым сьмяротным здымаць у калёніі забаронена, а потым праз інтэрнэт выставілі здымкі ў сацыяльныя сеткі.

Гэта пацьвярджаюць, зыходзячы з сваіх назіраньняў, і турэмныя псыхолягі, якім даводзіцца працаваць з асуджанымі на вялікі тэрмін забойцамі, гвалтаўнікамі ды іншымі, хто зьдзейсьніў цяжкія ды вычварэнскія злачынствы. Гэтым крымінальнікам, дзякуючы таленту лісьлівіць, нярэдка ўдаецца знаходзіць «ключык» да таго, ад каго яны залежаць, яны здольныя добра падаваць сябе і свае ідэі, умеюць схіляць да сваёй пазыцыі. Гэта спрацоўвае, асабліва калі патрэбныя асобы глыбока няўпэўненыя ў сабе. Ва ўсялякім разе, іншыя прадстаўнікі турэмнай супольнасьці, якія выконваюць свае абавязкі строга паводле правілаў і не настолькі камунікабэльныя, аказваюцца як бы «менш роўнымі».

Далёка ня кожны шукае для сябе парады ў Бібліі: рабі што трэба, і хай будзе што будзе. Шмат хто бачыць справядлівасьць у тым, што калі некаму сёньня лепш, чым мне, то трэба зрабіць так, каб заўтра яму было горш.

Радыё Свабода