Запаліць зьнічку ў гонар Слуцкага чыну
Грамадзкія актывісты заклікалі беларусаў ушанаваць памяць слуцкіх паўстанцаў 1920 году, запаліўшы 27 лістапада ў іх гонар зьнічкі ў вокнах.
Такую акцыю ініцыявалі прадстаўнікі «Беларускага гістарычнага таварыства» Алесь Краўцэвіч і Алег Латышонак, а таксама кіраўнік «Беларускай Нацыянальнай Памяці» Анатоль Міхнавец.
Як распавёў «Свабодзе» Анатоль Міхнавец, Слуцкае паўстаньне зьяўляецца сымбалем барацьбы за незалежнасьць Беларусі:
«27 лістапада — Дзень герояў Слуцкага паўстаньня. Случакі са зброяй у руках выступілі бараніць ідэалы БНР — незалежнай беларускай дзяржавы. І некалькі тысяч паўстанцаў цягам месяца супрацьстаялі бальшавіцкім войскам, якія ішлі з усходу. Потым яшчэ некалькі гадоў доўжылася антысавецкая партызанка, якая ўзьнікла пасьля паўстаньня.»
Анатоль Міхнавец заклікае беларусаў штогод 27 лістапада ўшаноўваць паўстанцаў зьнічкай ці лямпадкай у вакне. Ён раіць беларусам усталяваць у кожнай сям’і традыцыю ўшанаваньня нацыянальных падзеяў.