Навіны

Завочная дыскусія беларускіх уладаў і праваабаронцаў у Жэнэве

Урад Беларусі прадставіў у ААН справаздачу аб правах чалавека, якая, на думку беларускіх праваабаронцаў, толькі часткова адпавядае рэчаіснасьці. 

Сёньня ў Жэнэве Беларусь другі раз прайшла праз працэдуру Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА) ААН па правах чалавека.

Упершыню Беларусь праходзіла праз гэтую працэдуру ў 2010 годзе.

На сёньняшнім паседжаньні Рады па правах чалавека ААН сябры афіцыйнай беларускай дэлегацыі прадставілі нацыянальны даклад па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў межах УПА.

Апроч урадавага, у Раду па правах чалавека быў накіраваны альтэрнатыўны даклад кааліцыі з 11 няўрадавых арганізацыяў (сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», БХК, БАЖ ды іншыя).

Шрыфт Брайля і астравок міру

На сёньняшнім паседжаньні прадстаўнікі беларускай афіцыйнай дэлегацыі прадказальна сканцэнтраваліся на пазытыўных тэзісах пра сытуацыю ў Беларусі.

«У няпростай геапалітычнай абстаноўцы Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку. Гэта стала магчымым дзякуючы моцнай дзяржаўнай уладзе і эфэктыўнай дзяржаўнай палітыцы», — заявіў на паседжаньні Рады ААН намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў.

Па словах Рыбакова, на падставе рэкамэндацыяў, атрыманых у 2010 годзе па выніках першага цыклю УПА, беларускія ўлады зрабілі канкрэтныя захады ў выглядзе зьменаў у заканадаўстве і ўдасканаленьня правапрымяняльнай практыкі. Напрыклад, былі зробленыя захады, аб прадухіліць дыскрымінацыю інвалідаў па зроку, якія ня могуць самастойна браць удзел у выбарах.

«У выніку на выбарах 2015 году выбарчыя ўчасткі ўпершыню будуць забясьпечаныя інфармацыйнымі матэрыяламі і трафарэтамі з выкарыстаньнем шрыфту Брайля», — паведаміў намесьнік міністра.

Менск не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН

Афіцыйны беларускі прадстаўнік пры органах ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў зноў заявіў, што Беларусь не прызнае мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па пытаньнях становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

«Мандат ня ўзгоднены з урадам краіны, ён быў прыняты пасьпешліва і без кансэнсусу. Наяўнасьць спэцдакладчыка па Беларусі сёньня неадэкватная рэальнасьці. Мы і далей будзем пераконваць нашых партнэраў у неабходнасьці скасаваньня гэтага мандата», — заявіў Хвастоў на паседжаньні Рады ААН.

Пытаньне аб пралянгацыі тэрміну працы спэцдакладчыка па Беларусі Міклаша Харасьці і ягоных паўнамоцтваў будзе разглядацца ў Радзе па правах чалавека ААН у чэрвені.

Два погляды на адну праблему

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што агульныя пункты ў афіцыйным і альтэрнатыўным дакладах, безумоўна, ёсьць. Але справаздача ўладаў ігнаруе найбольш праблемныя пытаньні ў сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«Што тычыцца таго, наколькі справаздача ўладаў адпавядае рэчаіснасьці… Я не магу сказаць, што справаздача ўладаў — гэта падман. Іншая справа, што там сытуацыя паказаная толькі з аднаго боку — зь лепшага. А вось тыя праблемы, якія ёсьць, — яны там не адлюстраваныя. У гэтым сэнсе справаздача адпавядае рэчаіснасьці толькі часткова. Бо ўсё ж такі працэдура УПА ў тым і палягае, каб казаць і пра дасягненьні, і пра праблемы, і пра тое, як гэтыя праблемы мы зьбіраемся вырашаць», — канстатуе Гулак.

У альтэрнатыўным дакладзе няўрадавых арганізацыяў адзначаецца, што ўлады Беларусі ня выканалі рэкамэндацыі, якія былі агучаныя ў рамках УПА ў 2010 годзе.

«Улады Беларусі не прадэманстравалі мінімальна неабходнага ўзроўню палітыкі падтрымкі і павагі да правоў чалавека. Рэкамэндацыі ў рамках УПА аб вызваленьні палітвязьняў, лібэралізацыі заканадаўства аб свабодзе выказваньня і выбарах прызнаныя непрымальнымі і ня выкананыя, па асобных пазыцыях прававыя рамкі сталі яшчэ больш жорсткімі», — канстатуецца ў дакладзе.

Сярод рэкамэндацыяў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці — спрашчэньне парадку рэгістрацыі партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, спыненьне перасьледу журналістаў, адмена сьмяротнага пакараньня і г. д.

Працэдура УПА не прадугледжвае прыняцьця Радай ААН нейкага рашэньня наконт вынікаў папярэдняга этапу агляду. Галоўны вынік УПА — гэта атрыманьне чарговага сьпісу рэкамэндацыяў з боку краін-удзельніц Рады ААН па правах чалавека. Рэкамэндацыі могуць быць зусім розныя: ад таго, каб забясьпечыць свабоду слова, да таго, каб падтрымліваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці (з апошняй рэкамэндацыяй, напрыклад, сёньня выступіў прадстаўнік Расеі).

Аднак у любым выпадку мэханізм рэагаваньня на гэтыя рэкамэндацыі, на думку Гулака, павінен быць празрысты.

«Важны момант у тым, што гэты працэс павінен праходзіць ня толькі на ААНаўскай пляцоўцы. Тут важна, што пасьля таго, як рэкамэндацыі будуць зробленыя, на нацыянальным узроўні павінен быць прыняты плян выкананьня гэтых рэкамэндацыяў. Гэта павінен быць працэс, у які будуць уцягнутыя ўсе зацікаўленыя структуры, у тым ліку няўрадавыя арганізацыі, і павінна быць праца па выкананьні рэкамэндацыяў», — адзначае Гулак.

Мінулым разам няўрадавыя арганізацыі былі запрошаныя на абмеркаваньне ўжо на этапе падрыхтоўкі выніковай справаздачы ў рамках УПА, а не пры абмеркаваньні таго, як лепш выканаць рэкамэндацыі Рады па правах чалавека ААН. Праваабаронцы спадзяюцца, што цяпер сытуацыя зьменіцца.

На думку Алега Гулака, сёньняшняе паседжаньне ў рамках УПА наўрад ці паўплывае на рашэньне наконт пралянгацыі тэрміну Міклаша Харасьці.

«Наўрад ці гэта так наўпрост зьвязана. Вядома, калі б падчас гэтай працэдуры міжнародная супольнасьць пачула пра нейкія сур’ёзныя зьмены да лепшага ў Беларусі, то гэта б магло паўплываць на тое галасаваньне, якое будзе прыкладна празь месяц па спэцдакладчыку па Беларусі. Але паколькі чагосьці, што б паказала, што ў Беларусі ёсьць вельмі моцныя станоўчыя працэсы, няма, то гэта наўрад ці паўплывае», — адзначыў кіраўнік БХК.

ІК, Радыё Свабода