Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Заява Рады БНК «РУКІ ПРЭЧ АД НЕЗАЛЕЖНАГА ПРАФСАЮЗУ»

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэса ў дзень пачатку суда прынялі заяву з патрабаваннем спынення абсурднага судовага працэсу над прафсаюзнымі лідарамі.

Праект заявы быў прапанаваны першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам.

Заява Рады БНК 
РУКІ ПРЭЧ АД НЕЗАЛЕЖНАГА ПРАФСАЮЗУ 
30 ліпеня 2018

30 ліпеня ў судзе Савецкага раёна пачаўся суд над лідэрамі незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам. Сьледчы камітэт спрабуе абвінаваціць іх у тым, што яны мелі банкаўскі рахунак у Ліцьве, на які паступалі грошы з-за мяжы.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае зняволеньне тэрмінам да 7 гадоў і канфіскацыя маёмасьці. Пад выглядам сьледства ўлады ажыцьцяўляюць маштабны ціск на лідэраў і на сотні сяброў прафсаюзу РЭП. Сама гэтая справа, як і некалі сумнавядомая справа лідэра “Вясны” Алеся Бяляцкага, ёсьць спробаю рэжыму прадэманставаць усім абаронцам сацяльных і гарамадзянскіх правоў у Беларусі, усёй грамадзянскай супольнасьці краіны, што ўлада не дазволіць ніводнага істотнага кроку супраць дзяржаўнай палітыкі беспраўя і прыгнёту. Менавіта ў тым, што чынна абаранялі правы працоўных, насамрэч вінаватыя Фядыніч і Комлік.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс перакананы, што гэтая ганебная справа безумоўна пацьвярджае поўную адсутнасць пазітыўных пераменаў ва ўнутранай палітыцы уладаў Беларусі і сьведчыць пра тое, што перасьлед грамадзянскіх актывістаў і абаронцаў правоў чалавека працягваецца. Расправа над незалежным прафсаюзам РЭП ня толькі парушэнне міжнародна прызнаных правоў чалавека, але спроба зьнішчыць адну з апошніх выспаў свабоды ў Беларусі.

Ужо сам пачатак так званага “суда” паказаў, што гэта не суд, а спроба запалохаць тых, хто хоча справядлівасці і законнасці. Але зьдзеклівыя обшукі і зачыненая перад большасьцю тых, хто прыйшоў выказаць салідарнасьць з чарговымі палітычнымі ахвярамі і засьведчыць іх невінаватасьць, зала суда, паказалі, што баіцца сама ўлада.

У гэтых абставінах недапушчаныя на суд сябры БНК правялі правамоцнае паседжаньне Рады БНК і аднагалосна прынялі гэтую заяву.

Нашае патрабаваньне: 

НЕАДКЛАДНА СПЫНІЦЬ ПЕРАСЬЛЕД ЛІДЭРАЎ РЭПА ФЯДЫНІЧА І КОМЛІКА. РУКІ ПРЭЧ АД НЕЗАЛЕЖНАГА ПРАФСАЮЗУ!