ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вітае падпісаньне Ўкраінай, Малдовай і Грузіяй пагадненьняў аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Рада віншуе кіраўніцтва і народы гэтых блізкіх Беларусі краінаў з важным крокам на шляху эўрапейскае інтэграцыі, які адчыняе для іх новыя магчымасьці для эканамічнага і гуманітарнага разьвіцьця, а таксама зьяўляецца важным этапам у вызваленьні ад спадчыны таталітарнага мінулага.
Рада БНР выступае за актыўнае збліжэньне Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу. Дзеля гэтага Рада заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь да неадкладнай нармалізацыі палітычных умоваў унутры краіны, а менавіта:
- да неадкладнага вызваленьня і рэгабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных,
- да правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў на ўсіх узроўнях пад кантролем назіральнікаў АБСЭ і ў строгай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі,
- да забесьпячэньня грамадзянам Рэспублікі Беларусі свабоды сходаў, свабоды меркаваньня і іншых базавых дэмакратычных свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі, так і міжнароднымі пагадненьнямі, падпісаных Рэспублікаю Беларусьсю.
Рада расцэньвае датэрміновае вызваленьне ўладамі Алеся Бяляцкага як пазытыўны, але ні ў якім разе не дастатковы крок для пачатку працэса нармалізацыі стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і міжнароднай супольнасьцю.
Рада заклікае кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу актыўна ўзьдзейнічаць на ўлады Рэспублікі Беларусь з мэтай спрыяньня паўнавартаснай дэмакратызацыі Беларусі.
***
www.radabnr.org
www.facebook.com/radabnr
www.twitter.com/radabnr