Навіны

Жонка Мікалая Статкевіча атрымала першы ліст з Магілёўскай турмы №4

Марына Адамовіч, жонка палітычнага зняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, атрымала ад мужа першы ліст з Магілёўскай турмы №4. У Магілёў Мікалай Статкевіч быў этапаваны са Шклоўскай калоніі па рашэнню суда, які 4 траўня змяніў рэжым утрымання на больш жорсткі.

У Магілёўскай турме Статкевіч ужо быў зняволены і раней, з 2012 па 2015 год.  

Марына Адамовіч адзначыла, што ліст стаў першай весткай ад мужа. Яна яшчэ не атрымала ад адміністрацыі турмы паведамлення, што ён туды патрапіў.

– Напісаў 6 траўня. Напісаў пра этап. Этап, паводле майго меркавання, быў 5-га траўня. Як звычайна, гэта бывае ноч. Яго змясцілі ў яго старую камеру. Піша: «ціск на мяне ў калоніі быў настолькі яўны і дэманстратыўны, што некаторыя калегі па атрадзе казалі, што да серыйнага забойцы лепш ставяцца.  

СЛУХАЙЦЕ ТУТ СЛУХАЙЦЕ ТУТ

Камера, у якую змешчаны палітвязень, – адзіночная. Мікола Стакевіч сам падаў заяву пра ўтрымане яго ў адзіночцы

„Сядзець з адмыслова падабранымі пад мяне суседзямі, увесь час кантралюючы іх паводзіны, не хачу… Рэжым строгі, таму ў камеру прапусцілі няшмат рэчаў, якія прывёз з сабой з калоніі”, – піша Мікалай Статкевіч у лісце да жонкі.

Нагадаем, што былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны да шасці гадоў зняволення па артыкуле аб “масавых беспарадках” пасля „Плошчы 2010-га году”.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

 

* * *

Мікалая Статкевіча этапавілі ў магілёўскую турму. Там палітычны вязень павінен знаходзіцца да канца тэрміну – 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён. Днямі яму змянілі меру пакарання з калоніі на больш жорсткае ўтрыманне: Статкевіча прызналі нібыта злосным парушальнікам рэжыму ў калоніі.

Кажа сябра аргкамітэта па ўзнаўленні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Алесь Арастовіч, які падтрымлівае ідэю вылучэння Статкевіча ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах:

– Зразумела, будзе адмова. Ну, і няхай. Нагадаем усім людзям у Беларусі, што ёсць у нас палітычныя вязні, яшчэ раз звярнуць увагу амерыканцаў, еўрапейцаў да таго, што прызнаваць гэты рэжым легітымным нельга, нават калі выбары па сцэнару рэжыму і адбудуцца.

СЛУХАЙЦЕ ТУТ СЛУХАЙЦЕ ТУТ

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 годзe, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле звінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Беларускае Радыё Рацыя