Актуальна

Зінаіда Бандарэнка: “Не трэба здраджваць сабе…”

25 красавіка адзначае 75-гадовы юбілей народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Аляксандраўна распавядае нашаму карэспандэнту, што азначае для яе гэтая дата і хто павіншаваў першым.

Зінаіда Бандарэнка: Дата даволі вялікая, таму на сэрцы і светла, і крыху сумнавата. Падводзіш вынік свайго жыцця – у першую чаргу творчага. Так бы мовіць, справаздача самой перад сабой за ўсе гэтыя гады. Але больш светлага ў такі дзень. Тым больш, і надвор’е сонечнае.

РР: Ваша актыўная грамадзянская пазіцыя дапамагала ці наадварот дадавала праблем?

Зінаіда Бандарэнка: Праблем, безумоўна, з-за гэтага хапала. Магчыма, каб была больш спакойная, то да гэтага часу працавала б на тэлебачанні. І, тым не менш, мая пазіцыя такая: не трэба здраджваць сабе і мяняць свае погляды. Чалавек часам хістаецца. То ён такі, то ўжо іншы. Але асабіста я не разумею такіх хамелеонаў. Гэта вялікі грэх.

РР: Ці глядзіце вы сёння Беларускае тэлебачанне?

Зінаіда Бандарэнка: Нешта гляджу, але сумна ўсё гэта. Такое цяпер тэлебачанне. Людзям трэба карміць сем’і, дзяцей, унукаў, а таму ідуць у нагу з кіраўніцтвам, уладай. Усё ў іх у парадку.

РР: Хто вас павіншаваў першым?

Зінаіда Бандарэнка: Муж, натуральна. З самага ранку падарунак ужо стаяў на стале – французскія духі. А пасля патэлефанавала з віншаваннямі Заслужаная артыстка Беларусі Тамара Раеўская.

РР: Зінаіда Аляксандраўна, ці задаволены вы сваім жыццём? Можа быць, нешта хацелася б змяніць…

Зінаіда Бандарэнка: Нічога не хацела б я мяняць. Як яно ішло, так ішло. Няхай былі цяжкасці, трагічныя перыяды… Часам нават думалася: ці перажыву я тое гора, што адбылося ў нашай сям’і, калі заўчасна памёр сын? І ўсё ж-такі лічу, што я пражыла вельмі шчаслівае жыццё.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота labadzenka.by