«Злодзей мусіць сядзець у турме»: гамельчукі запісалі відэазварот да Лукашэнкі
Члены гомельскай ініцыятывы «Самадапамога» запісалі відэазварот, у якім паскардзілася на мясцовых чыноўнікаў.
«Аляксандр Рыгоравіч, мы звяртаемся да вас, бо вашыя чыноўнікі з адміністрацыі прэзідэнта праігнаравалі нашую скаргу і пераслалі яе тым, на каго мы паскардзіліся. Таму мы вырашылі запісаць гэты відэазварот, у якім праз тэлебачанне хочам данесці да вас сваю скаргу», – кажуць актывісты «Самадапамогі».
У кожнага з прадстаўнікоў ініцыятывы ёсць нейкія праблемы, якія мясцовыя ўлады не могуць або не хочуць развязаць: камусьці не вяртае грошы працадаўца, хтосьці змагаецца за сваю маёмасць, іншыя спрабуюць вырашыць зямельныя канфлікты.
Пасля таго, як скаргу актывістаў перанакіравалі з Адміністрацыі прэзідэнта ў Гомельскі аблвыканкам, на прадстаўнікоў «Самадапамогі» пачаўся моцны ціск з боку мясцовых чыноўнікаў. Маці аднаго з актывістаў давялі да інсульту, а на іншага выклікалі хуткую і прымусова адправілі ў псіхіятрычную клініку.
«Аляксандр Рыгоравіч, навошта вы стварылі гэтае ўпраўленне, якое стаіць на шляху грамадзянаў, якія маюць права звяртацца да чыноўнікаў, каб вырашыць свае праблемы?», – гаворыцца ў відэазвароце.
Члены «Самадапамогі» «патрабуюць» накіраваць у Гомель камісію «для разбіральніцтва з прадстаўнікамі Гомельскага аблвыканкаму».