Зьміцер Бандарэнка напісаў прашэньне аб памілаваньні
Пра гэта стала вядома 4 лютага, калі ён патэлефанаваў з калёніі сваёй жонцы Вользе. Палітвязень сказаў, што напісаў прашэньне 1 лютага.
Гэту інфармацыю «Свабодзе» пацьвердзіў паплечнік Зьмітра Банадарэнкі Аляксандар Атрошчанкаў.
Зьміцер Бандарэнка мае вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем. З 30 студзеня ў дачыненьні да яго, хаця Бандарэнка перанёс цяжкую апэрацыю на хрыбетніку, уступілі ў дзеяньне яшчэ больш жорсткія ўмовы ўтрыманьня. Яму забаронена карыстацца мыліцай, не дазволены артапэдычны абутак, які перадала жонка і яшчэ шмат чаго.
2 лютага Бандарэнку вярнулі мыліцу і артапэдычны абутак, дазволілі не хадзіць у шэрагу.
7 красавіка давераную асобу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў
Фядута: «Бандарэнка давёў да ўсіх — ён здольны на моцныя, мужныя ўчынкі»
Лёс Аляксандра Фядуты ў нечым падобны на лёс Зьміцера Бандарэнкі. Фядута таксама прасядзеў за кратамі, ды і са здароўем у яго ня вельмі:
«Ніхто не мае права прымушаць таго ці іншага чалавека рызыкаваць сваім жыцьцём, і сваім здароўем. Бандарэнка давёў да ўсіх, што ён здольны на моцныя, мужныя ўчынкі. Ён здольны трымаць націск. І тое, што ён толькі зараз напісаў такое прашэньне, сьведчыць пра тое, што ціск сапраўды стаў неўтрымальным.
Я лічу, што ў гэтым выпадку нам усім трэба падзякаваць за тое, што гэта ўрэшце рэшт адбылося. І што сам Зьміцер Бандарэнка, і Андрэй Саньнікаў, які падпісаў прашэньне трохі раней, у хуткім часе далучацца да нас. Да тых, хто знаходзіцца хоць на адноснай, але ўсё ж такі волі. Я вельмі ўзрушаны тым, колькі часу цярпелі ціск гэтыя людзі».
Кастусёў: «З гэтага будзе больш карысьці і яму асабіста, і нам усім»
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Рыгор Кастусёў лічыць, што Зьміцер Бандарэнка мае поўнае права на такі ўчынак:
«Вырашаць гэта быў у праве толькі ён. І згодна з той сытуацыяй, у якой ён апынуўся. Нам, будучы на волі, цяжка меркаваць, як яму там сябе паводзіць. Таму я стаўлюся да гэтага станоўча. Гэта яго права.
Здароўе — гэта галоўная каштоўнасьць, якую чалавек павінен зьберагаць. Калі ён будзе здаровы, то з гэтага будзе больш карысьці і яму асабіста, і нам усім».
Скрабец: «Каму ў нашай краіне патрэбны інвалід?!»
Былы палітвязень Сяргей Скрабец адседзеў за кратамі паўтара гады, як кажуць, ад званка да званка. І як ён сама кажа: маю нейкае права выказацца адносна прашэньня Зьміцера Бандарэнкі:
«Зьміцер правільна зрабіў, што напісаў прашэньне. Здароўе яго вельмі дрэннае. А ўмовы знаходжаньня за кратамі вельмі цяжкія. Асабліва для тых, у каго здароўе ў пагоршаным стане. Там няма ні дактароў-спэцыялістаў, ні добрых лекаў.
Адтуль можна выйсьці інвалідам. І нават не за год, а толькі за месяц. А тут справа ідзе пра жыцьцё чалавека. І ў такіх умовах трэба пісаць прашэньне. Бо каму ў нашай краіне патрэбен інвалід?! Нават калі ён і палітык. Нікому».
Атрошчанкаў: «Такое прашэньне не дае рэжыму маральнай перавагі»
«Для мяне абсалютна зразумела, што гэта зроблена пад ціскам. Калі раней ўлады маглі атрымаць з такіх прашэньняў нейкую палітычную выгаду, то цяпер я ня бачу ніякага сэнсу для тых, хто застаецца за кратамі, ад гэтага адмаўляцца. Зараз здаецца ўжо ўсім зразумела, што гэты суд ня толькі не мае юрыдычнай сілы, а і не дае маральных перавагаў рэжыму. Такія прашэньні людзі пішуць альбо пад катаваньнямі ці ва ўмовах вельмі набліжаных да катаваньняў».