Навіны

Зміцер Дашкевіч аздабляе шафы «Пагоняй»

Былы палітвязень наладзіў выраб шафаў-купэ з беларускай нацыянальнай сімволікай — «Пагоняй» і беларускімі арнаментамі.

Тэхналогія даволі простая, распавёў Зміцер: альбо на шкло набіваецца адмысловы малюнак, або вырабляецца налепка і клеіцца на шкло. Майстар прапануе сваім кліентам розныя варыянты аздаблення, малюнкі. Канчатковы варыянт выбірае кліент, з ім узгадняецца эскіз. 

На пытанне, як Зміцер Дашкевіч ставіцца да прэтэнзій, якія выставіў адзін з аўтараў эталону «Пагоні», мастак Уладзімір Крукоўскі, да аўтараў так званай «Вершніцы», ён адказаў так:

«Асабіста я не бачу ніякай праблемы ў «Пагоні» з вершніцай. Наадварот, гэта добра, калі нацыянальныя сімвалы, якія дзесяцігодздзямі знаходзіліся і знаходзяцца пад забаронай, пераследам, цяпер набываюць такую папулярнасць, людзі імкнуцца іх выкарыстоўваць. Наадварот, гэта натхняе. Вельмі шкада, што некаторыя ставяцца да сімвалаў як да нечага сакральнага, як да святарнай каровы, якой трэба пакланяцца і якая павінна быць толькі вывераных памераў, прапорцый, адпавядаць зацверджаным эталонам, кожнай рысачцы і дэтальцы».

Радыё Свабода