Зьміцер Дашкевіч можа сустрэць дзень народзінаў у карцэры другі раз
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч зноў адбывае пакараньне карцэрам. Ён мусіў выйсьці з карцэра Глыбоцкай калёніі 13 ліпеня, але атрымаў дадатковае пакараньне яшчэ на некалькі сутак ізаляцыі.
Пра гэта паведаміла нявеста Дашкевіча Наста Палажанка.
Актывістка не выключае, што 20 ліпеня, калі Зьмітру споўніцца 31 год, ён будзе яшчэ ў карцэры. «Дарэчы, як і год таму, бо 30-годзеЗьміцер сустракаў у карцэры калёніі ў Горках. Карцэр на дзень народзінаў, на жаль, становіцца для яго нормай», — заўважае Наста Палажанка.
Напярэдадні актывістка выступіла ў адкрытым лістом, у якім заклікала праз акцыі салідарнасьці спыніць ціск на Зьмітра Дашкевіча. Наста Палажанка кажа пра водгукі на свой ліст.
«Я хацела, каб людзі, у якіх ёсьць прага нешта зрабіць, абудзіліся ад абыякавасьці. Каб кожны сам задаў сабе пытаньне, што ён можа зрабіць. Такія людзі ёсьць, хаця іх няшмат. Вось учора мне званіў Юрась Меляшкевіч, сказаў, што ён хадзіў у ДВП і падаў асабісты зварот адносна таго, што адбываецца са Зьмітром. Ён гэта лічыць катаваньнем. Таксама да мяне зьвяртаюцца сваякі палітвязьняў. Яны яшчэ дадаткова ўдзячны і за тое, што гэтая тэма ўзьнятая».
Зьміцер Дашкевіч асуджаны на 2 гады. Тэрмін ягонага зьняволеньня cкончваецца ў сьнежні, але стала вядома, што Сьледчы камітэт распачаў праверку адносна завядзеньня новай крымінальнай справы супроць Дашкевіча. У такім выпадку актывісту пагражае падаўжэньне тэрміну як меней на год.