Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Зварот Рады БНК: САЛІДАРНАСЦЬ ДЗЕЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ

Рада БНК заявіла пра свой намер правесці 3 ліпеня ў Дзень вызвалення Мінска ад нацысцкіх захопнікаў Акцыю вызвалення і салідарнасці.

ЗВАРОТ РАДЫ БНК

САЛІДАРНАСЦЬ ДЗЕЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ

Рада БНК выказвае пратэст супраць незаконнага пераследу ўладамі кіраўніка прафсаюза РЭП, старшыні сацыяльна-эканамічнай камісіі Рады Генадзя Фядыніча і яго паплечніка Ігара Комліка.

Мы лічым крымінальную справу супраць Г. Фядыніча і І. Комліка помстай рэжыма за абарону імі правоў працоўных.

Мы заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць да салідарнасці з лідарамі прафсаюза РЭП і іншымі дэмакратычнымі актывістамі, якіх беларускі рэжым пераследуе за праўду і свабоду.

Мы заяўляем пра свой намер правесці 3 ліпеня ў Дзень вызвалення Мінска ад нацысцкіх захопнікаў Акцыю вызвалення і салідарнасці, каб выказаць сваю павагу і салідарнасць з пакаленнем, якое вызваліла Беларусь ад гітлерызму. Таксама мы выкажам пад час гэтай акцыі салідарнасць з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленне нашай краіны ад незаконнай улады прыхільніка Гітлера і пераследуецца за сваю барацьбу.

Акцыя вызвалення і салідарнасці пачнецца 3 ліпеня ў 13.00 на бульвары Талбухіна каля выхадаў на яго з метро “Парк Чалюскінцаў”. Пад час акцыі плануецца ўскладанне кветак да братняй магілы савецкіх салдат, загінуўшых пры вызваленні Мінска.

Мы запрашаем тых, хто не скарыўся з дыктатурай, хто прагне свабоды, да ўдзелу ў Акцыі вызвалення і салідарнасці. Для вызвалення неабходна салідарнасць.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

г. Мінск                                                                         12 чэрвеня 2018 г.