20 базавых велічынь штрафу за расцяжку "БХД"

У Наваполацку затрыманы і аштрафаваны Зміцер Дзякаў, сябар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”

Зміцер паехаў у Наваполацк, дзе ён вучыцца ва універсітэце. Паведамленне з пастарунку стала поўнай нечаканасцю для каардынатаркі аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяны Севярынец .

” У 16.23 ён даслаў мне смс, што яго затрымалі, і што ён знаходзіцца ў Наваполацкім гарадскім аддзяленні міліцыі. Я ў адказ напісала: “За расцяжку”? Ён адказаў “Так”. Я меркавала, што затрымалі за тую расцяжку, якую ён вывесіў 14 траўня ў Віцебску, са словамі “Свабоду палітвязням”, патэлефанавала яму, каб падтрымаць, нешта параіць. Але размаўляць яму забаранілі, і каля трох гадзін тэлефон Зміцера ўвогуле быў адключаны”.

За гэты час на хлопца склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 21.14, часткі 1 за парушэнне “Правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”. Пастанову пра штраф памерам 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў) вынес начальнік Наваполацкага гарадскога аддзела міліцыі Дзмітрый Рэзянкоў.

Падставай для пакарання стала наступнае, распавёў Зміцер Дзякаў:

“Мяне затрымалі ў Наваполацку за расцяжку “БХД”. Я вывесіў яе на вуліцы Маладзёжнай, на агароджы гарадскога сквера. У міліцыю мяне забралі не адразу. Я ішоў па горадзе з сябрамі, праз нейкі час падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што я падобны да чалавека, які размаляваў фарбай з балончыка будынак гарвыканкама. А ўжо ў пастарунку пачалі гаварыць пра расцяжку. Я і не хаваўся, што сам гэта зрабіў, бо ніякага злачынства тут няма. Мне прапанавалі альтэрнатыву: або чакаць выкліка на адміністрацыйную камісію, або пастанову вынесуць тут жа, у міліцыі. Я вырашыў, што чакаць няма сэнсу. Ніякай шкоды, я лічу, абліччу Наваполацка мая расцяжка не нанесла. Алу ў міліцыі палічылі інакш,” – распавёў Зміцер Дзякаў.

Хлопец не хавае і таго, што 14 траўня вывесіў расцяжку ў Віцебску. Пра гэта было адкрыта паведамлена на сайце БХД. Але ніякіх наступстваў гэтага ўчынку Змітра Дзякава пакуль што няма.

spring96.org