8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы

Для мяне гэта не толькі гадавіна славутай перамогі пад Воршай 1514 года. Яшчэ ўзгадваю 1992 год, калі Вярхоўны Савет нарэшце прыняў рашэнне аб падпарадкаванні былой савецкай Беларускай вайсковай акругі і стварэнні на яе аснове Беларускага войска. 

Тады склалася дзіўная сітуацыя – маладыя салдаты, якія прызываліся на службу, прымалі прысягу на вернасць Беларусі, а шматлікія былыя савецкія афіцэры – не. Гэта было вельмі небяспечна, бо ў выпадку ваеннага канфлікта яны нават не былі абавязаныя ваяваць за Беларусь.

Нягледзячы на патрабаванні Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое я тады ўзначальваў, урад Кебіча катэгарычна адмаўляўся прыводзіць да беларускай прысягі ўсіх афіцэраў Беларускага войска. Тады БЗВ вырашыла правесці публічную грамадскую акцыю прысягі на вернасць Беларусі.

Наша рэшэнне актыўна падтрымалі і дапамаглі ў яго рэалізацыі патрыятычныя партыі – БНФ і БСДГ, а іх лідары Зянон Пазняк і Міхась Ткачоў узялі ўдзел у адкрыцці цэрымоніі прысягі.
Мы наўмысна выбралі для акцыі гадавіну Аршанскай перамогі, каб прыцягнуць да яе ўвагу амаль цалкам пазбаўленага тады гістарычнай памяці беларускага грамадства.

Акцыя адбылася 8 верасня 1992 года на пл. Незалежнасці. Цэрымонія, у якой бралі ўдзел тысячы вайскоўцаў запасу, была вельмі прыгожай і ўрачыстай. На сцэне прысягу прымалі 12 афіцэраў – сябраў кіраўніцтва БЗВ, у параднай форме. Большасць з нас тады знаходзіліся на вайсковай службе. Мы разумелі, на што ідзем, але гатовы былі ахвяраваць сваёй вайсковай кар\’ерай, каб забяспечыць Беларусі хаця б юрыдычна падпарадкаванае ёй войска.

Акцыя мела шырокі розгалас і аказала неабходнае ўздзеянне на грамадства. Наменклатурная каманда Кебіча саступіла і праз некалькі месяцаў ўвесь афіцэрскі склад быў прыведзены да беларускай прысягі.

Вясной 1993 года ўрад заявіў пра неабходнасць адмовы ад беларускіх грошай на карысць расійскіх.

БЗВ адказала 25 сакавіка 1993 года “Маршам за незалежнасць”. Тысячы вайскоўцаў запасу строем пад барабанны бой прайшлі па праспекце пад кіраўніцтвам афіцэраў з БЗВ. 
Размовы пра замену грошай спыніліся, але гэтая акцыя вельмі напалохала ўрад. Ды і не толькі яго, як высветлілася пазней.

У красавіку 1993 года Вярхоўны савет прыняў папраўкі ў закон “Аб статусе ваеннаслужачых”, скіраваныя супраць БЗВ. Згодна з папраўкамі вайскоўцам забаранялася займацца любой “грамадска-палітычнай дзейнасцю”. Гэтая размытая фармулёўка дазволіла паставіць пад забарону ўдзел вайскоўцаў у любых, нават самых апалітычных грамадскіх арганізацыях. Самым прыкрым было тое, што за папраўку галасавалі не толькі наменклатурныя дэпутаты, але і амаль уся фракцыя БНФ, за выключэннем прадстаўніка БЗВ у парламенце. Кадравыя афіцэры – сябры БЗВ, апынуліся пад пагрозай “законнага” звальнення з войска. Каб не дапусціць гэтага, кіраўніцтва БЗВ прыняло рашэнне аб вывадзе ўсіх кадравых вайскоўцаў, акрамя старшыні згуртавання, са складу арганізацыі.

Тым не меньш, на працягу некалькіх месяцаў амаль усе былыя сябры кіраўніцтва БЗВ, якія апынуліся без абароны арганізацыі і грамадства, былі па розным прычынам зволены з войска.
Учынак беларускіх афіцэраў, здзейснены 8 верасня 1992 года, назаўжды застанецца годнай падзеяй вайсковай гісторыі Беларусі.

Віншую патрыётаў Беларусі з Днём беларускай вайсковай славы!

Мікалай Статкевіч, facebook.com