Навіны

Бяляцкага, Статкевіча і Лобава намінавалі на прэмію Еўразвязу

Беларускія палітвязні намінаваныя на прэмію імя Сахарава, якую Еўразвяз уручае за дасягненні ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека.

Пра гэта паведаміў дэпутат Еўрапарламенту ад Польшчы Марэк Мігальскі. Ён растлумачыў, што беларускіх палітвязняў сярод прэтэндэнтаў будуць рэпрэзентаваць трое зняволеных, якія па сённяшні дзень знаходзяцца за кратамі (паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі засталося 10 палітвязняў).

Глядзець відэа Глядзець відэа

Гэта кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікола Статкевіч, асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, які ўжо амаль 2 гады знаходзіцца ў турме ў Магілёве, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаны да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, суджаны на 4 гады зняволення. 

Узнагарода імя Сахарава ўручаецца з 1988 года. 12 верасня – апошні тэрмін падачы заявак. Права вылучаць прэтэндэнтаў маюць палітычныя фракцыі Еўрапарламенту або групы, якія налічваюць не менш як 40 дэпутатаў.

Беларускія палітвязні намінаваныя групай дэпутатаў Еўрапарламента з ініцыятывы Марэка Мігальскага пры падтрымцы дэпутатаў ад Польшчы Філіпа Качмарэка і Яцэка Пратасевіча

Ракней прэмію Сахарава атрымлівалі лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Сёлетні пераможца будзе вядомы ў кастрычніку, а ўрачыстае ўзнагароджанне пройдзе ў лістападзе на пленарнай сесіі Еўрапарламенту ў Страсбургу.

Фота “Белсат”

КР/АК, belsat.eu