Навіны

Нобеля – за раззбраенне

Другі год запар – не чалавек, а цэлая структура. Нобелеўскі камітэт прысудзіў прэмію міру арганізацыі для забароны хімічнай зброі. Навіна, аднак, выклікала змяшаныя эмоцыі. Адныя мяркуюць, што ўзнагарода дасць імпульс ліквідацыі хімічных арсеналаў у Сірыі, іншыя рашэнне камітэту асуджаюць.

Нобеля – за раззбраенне Глядзець відэа (11.10.13)

Яшчэ з раніцы нарвежскі тэлеканал “NRK”, вядомы з падазрона трапных здагадак пра нобелеўскіх лаўрэатаў, сярод чатырох найбольш імаверных пераможцаў назваў кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Аднак прэмію аддалі іншаму кандыдату з названай чацвёркі.

ТУРБ’ЁРН ЯГЛЯН, НОБЕЛЕЎСКІ КАМІТЭТ:
“Нобелеўскі камітэт вырашыў, што Нобелеўскую прэмію міру за 2013 год трэба прысудзіць Арганізацыі забароны хімічнай зброі”.

Менавіта гэтая структура зацвердзіла план ліквідацыі ў Сірыі хімічнай зброі, ды гэткім чынам дапамагла пазбегнуць узброенага ўмяшання і, магчыма, перадухіліць паўтарэнне леташняй трагедыі, калі ў прадмесці Дамаску праз ужыванне зарыну загінулі больш як тысяча чалавек.

АХМЭТ ЮЗЮМДЖУ, АРГАНІЗАЦЫЯ ЗАБАРОНЫ ХІМІЧНАЙ ЗБРОІ:
“Я шчыра спадзяюся, што гэтая ўзнагарода і дзейная місія Арганізацыі забароны хімічнай зброі разам з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў пашыраць намаганні для дасягнення міру ў Сірыі ды цярплівасці гэтага народу”.

Шмат хто мяркуе, што гэты крок Нобелеўскага камітэту – канстатацыя сусветных прыярытэтаў.

ЯЎГЕН КРАСУЛІН, ГІСТОРЫК:
“На чальцоў Нобелеўскага камітэту не магло не зрабіць уражання тое, што адбывалася вакол гэтай праблемы. Калі яны пабачылі сярод намінантаў Арганізацыю ліквідацыі хімзброі, іх гэта зачапіла. Яны палічылі, што гэта будзе актуальна, правільна”.

Нават малітвы пакістанскіх дзяцей не дапамаглі перамагчы фаварытцы сярод букмекераў – 16-гадовай Малале Юсафзай, дзякуючы якой сотні малых пакістанак здолелі дамагчыся права вучыцца ў школе.

Шмат хто меркаваў, што прэміяй узнагародзяць гінеколага Дэні Муквэге, які выратаваў тысячы жанчын – ахвяраў гвалту падчас вайны ў Конга.

Сярод іншых вядомых прэтэндэнтаў на прэстыжную ўзнагароду былі Уладзімір Пуцін і раскрывальнікі дзяржаўных таямніцаў Джульян Асанж і Эдўард Сноўдэн – персанажы дастаткова неадназначныя. За мінулыя два гады шмат дыскусіяў выклікала прысуджэнне прэміі міру Бараку Оўбаму і Еўразвязу. Ды і агулам сярод нобелеўскіх узнагародаў, нароўні з літаратурнай, прэмію міру называюць найбольш спрэчнаю.

ЯЎГЕН КРАСУЛІН, ГІСТОРЫК:
“Прыгадаць хаця б 1939 год, калі на прэмію міру быў намінаваны сам Адольф Гітлер. Прэміі ён не атрымаў, але хто яго ведае – калі б ён не напаў на Польшчу, або напаў месяцы праз два, можа, яму б і далі”.

Сённяшняе ж уганараванне Нобелеўскаю прэміяй Арганізацыі забароны хімічнай зброі называюць рэверансам у бок яе заснавальніка: вынаходнік дынаміту Альфрэд Нобель наказваў асаблівую ўвагу надаваць раззбраенню.

Мар’яна Чарняева, Белсат