Калі выйдзе на волю Мікалай Статкевіч?
Мікалай Cтаткевіч быў выкрадзены з аўтамабіля, у якім ён ехаў на перадвыбарчы пікет на Камароўку, 31 траўня асобамі ў цывільным, якія не прадстаўляліся, выглядалі і дзейнічалі, як звычайныя бандыты.
Пазней ён “знайшоўся” ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску, а 1-га чэрвеня быў асуджаны судом Ленінскага раёна Мінска да 15 сутак зняволення за арганізацыю “несанкцыяванага масавага мерапрыемства”. Так зараз прынята сярод “уладных” называць перадвыбарчыя пікеты па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, калі ў іх бяруць удзел, і, тым больш, іх арганізоўваюць, апаненты рэжыму.
15 чэрвеня сябры і паплечнікі чакалі вызвалення Мікалая Статкевіча ля ЦІПа. Але ён так і не з’явіўся. У гэты ж час, таемна, па скайпу, суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль асудзіла яго да 15 сутак зняволення за “призывы к несанкционированному массовому мероприятию”, размешчаныя на тэлеграм-канале STATKEVICH”.
“Призывы” заключаліся ў паведамленні, што кандыдаты пратэсту будуць падаваць дакументы ў ЦВК 14.05 і прапановай членам ІГ далучыцца.
Застаецца толькі нагадаць: падача дакументаў у ЦВК рэгулюецца Выбарчым Кодэксам, а не Адміністрацыйным. Якім чынам устаноўлена прыналежнасць канала Мікалаю Статкевічу, суддзю Моталь таксама абсалютна не турбавала.
30 чэрвеня завяршаюцца 30 сутак, якія Мікалай Статкевіч правёў у зняволенні, у нечалавечых умовах, якія ад пачатку гэтай кампаніі створаныя там для дэмакратычных актывістаў.
Мы спадзяемся сустрэць Мікалая Статкевіча на волі. Але сёння вядома яшчэ аб адным прысудзе, які завочна быў вынесены Мікалаю Статкевічу. Суддзя суда Савецкага раёна Воўк А.А. асудзіла яго да 15 сутак арышту за ўскладанне кветак 8 траўня да помніка загінулым пры вызваленні Мінска.
Цяпер ужо і ўскладанне кветак з’яўляецца нагодай да зняволення.
Сама па сабе пастанова прэтэндуе на першынства сярод абсурдаў нашага правасуддзя і вартая цытавання.
А на гэтым тыдні з’явілася пакуль не спраўджаная інфармацыя, што ў ЦІПе таемна мусіў адбыцца яшчэ адзін суд над Мікалаем Статкевічам. Лішне казаць, што ніхто не збіраўся паведаміць блізкім ні пра суд, ні пра яго вынікі.
І ўсё ж, мы верым, што 30 чэрвеня Мікалай Статкевіч выйдзе на Волю.
Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды-то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!
30 чэрвеня,12.20 – Мінск, 1-шы завулак Акрэсціна, 36. Сустрэнемся!