23-га верасня ў жодзінскай турме радыё зранку не працавала
Верагодна, каб захаваць у тайне ад шчаслівага народа радасную падзею – інагурацыю ўсенародна абранага.
Уключылася каля 15-ці і пачало круціць інагурацыю. Ну, каб народ узрадаваўся. А каб гэту радасць замацаваць, запіс гэты пачалі круціць кожны дзень. Ізноў жа – магутны выхаваўчы эфект прадбачыўся. Тым больш, што ў Жодзіна, амаль бесперапынна, апроч мацёрых неперавыхоўваемых злачынцаў, такіх, як Мікола Статкевіч, знаходзіцца пад чатыры сотні часова, на думку адміністрацыі, аступіўшыхся парушальнікаў парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Верагодна, іх утрымліваюць нават у адным корпусе, каб два разы не ўставаць, як кажуць. Каб набіраліся вопыту )
Гэта я да чаго? Народ і безнадзейны і не вельмі такіх выхаваўчых момантаў не “зацаніў” і пачаў выказваць сваю незадаволенасць у даступнай форме.
Тэхнічна падкаваныя альбо тыя, хто вызнае правіла “супраць лома няма прыёма, акрамя іншага лома” вырашылі праблему проста – ломам. То бок, фізічным спыненнем “вяшчання”.
А нашы пяшчотныя дзяўчаты пад час трансляцыі пачыналі хлопаць у ладкі, выхлопваючы рытмам “Жы–ве – Бе-ла-русь”.
Карацей, больш ужо трансляцыю самакаранацыі самазванца ў Жодзіна не круцяць.
Смяюся.
Марына Адамовіч, facebook.com