Народная грамада патрабуе выключыць «Справядлівую Расею» з Сацінтэрну
Аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) зьвярнуўся да кіраўніцтва Сацінтэрну з прапановай выключыць партыю «Справядлівая Расія» са складу Сацінтэрну.
Пра гэта паведаміў Радыё Свабода генеральны сакратар БСДП (Народная грамада) Сяргей Скрабец:
«Мы напісалі афіцыйны ліст прэзыдэнту Сацінтэрну Георгіа Папандрэу (George Papandreou) і генэральнаму сакратару Сацінтэрну Луісу Айала (Luis Ayala). У ім падкрэсьліваецца, што БСДП (Народная грамада) асуджае дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне. Мы лічым акупацыю Крыма незаконнай і адзначаем, што для нас Крым астаецца неад’емнай часткай Украіны.
Нас абурае пазыцыя нашых таварышаў па Сацінтэрну — партыі „Справядлівая Расея“, якая ў СМІ адкрыта падтрымала акупацыю Крыма.
Мы лічым, што такія дзеяньні супярэчаць стакгольмскай Дэклярацыі прынцыпаў сацыялістычнага інтэрнацыяналу, прынятай у 1989 годзе. На нашу думку, дзейнасьць партыі “Справядлівая Расія” накіраваная сёньня на падрыў іміджу ўсясьветнай сацыял-дэмакратыі».
Беларускія сацыял-дэмакраты просяць кіраўніцтва Сацінтэрну даць публічную ацэнку дзейнасьці партыі «Справядлівая Расія», якая займаецца дэзаінфармацыяй партнэрскіх арганізацыяў, а таксама разгледзіць пытаньне аб выключэньні расейскай партыі са складу Сацінтэрну.
Сацыялістычны інтэрнацыянал (Сацінтэрн) — міжнародная сацыял-дэмакратычная арганізацыя. Першапачаткова створаная ў 1864 годзе, яна ўзнавіла сваю працу ў 1951 годзе. Цяпер у склад Сацінтэрну ўваходзіць болей за 150 партыяў сацыял-дэмакратычнага накірунку са ўсяго свету.