Лукашэнка рыхтуе новую амністыю. Ці падпадуць пад яе палітвязьні?
Аляксандар Лукашэнка накіраваў у Палату прадстаўнікоў праект закону аб амністыі.
Яна прымеркаваная да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Паводле праекту закону, на вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня могуць разьлічваць катэгорыі асобаў, якія ў найбольшай ступені заслугоўваюць літасьці.
«Гэта, у прыватнасьці, непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды, вэтэраны баявых дзеяньняў, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», — адзначае прэс-служба.
Пад амністыю падпадуць асобы, якія зьдзейсьнілі злачынствы, што не адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх.
Калі асуджаныя не вызваляюцца ад адбыцьця пакараньня цалкам, яны могуць разьлічваць на частковае скарачэньне тэрміну на адзін год.
Амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, якія ўчынілі найбольш цяжкія злачынствы — наўмыснае забойства, згвалтаваньне, гандаль людзьмі, стварэньне злачыннай арганізацыі, бандытызм і тэрарызм. А таксама тыя, хто ня выканаў пэўных умоваў для вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня.
Паводле папярэдніх разьлікаў Міністэрства ўнутраных спраў, мяркуецца цалкам вызваліць ад пакараньня каля 2730 чалавек і скараціць тэрмін пакараньня на адзін год прыкладна для 5500 зьняволеных.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што вызваленьне па гэтай амністыі палітвязьняў малаверагоднае.
«Бо бальшыня палітвязьняў — злосныя парушальнікі рэжыму. Адносна многіх зь іх нават рэжым быў заменены на больш жорсткі. Да таго ж у многіх зь іх цяжкія артыкулы, і яны пад амністыю не падпадуць. Я маю на ўвазе Міколу Статкевіча і анархістаў. А што да Алеся Бяляцкага, то яго статус „злоснага парушальніка“ нікуды ня дзеўся. Таму, калі ён ня будзе зьняты да ўступленьня ў сілу закону аб амністыі, то праваабаронца таксама ня будзе вызвалены», — сказаў Стэфановіч.