Васіль Парфянкоў паўгады правядзе ў ПКТ

Палітзняволены Васіль Парфянкоў яшчэ 7 красавіка змешчаны на паўгады ў памяшканне камернага тыпу.

Аб гэтым стала вядома з атрыманага сёння ліста палітвязня да рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Спадарыня Вольга паведаміла, што Васіль сядзіць адзін, шмат чытае, моліцца, займаецца спортам.

Ад самага пачатку зняволення на палітвязня пастаянна аказваўся ціск. Толькі за першы месяц знаходжання ў сумнавядомай горацкай калоніі яму было вынесена 10 спагнанняў, ён 23 дні правёў у штрафным ізалятары. Васіля Парфянкова пазбавілі спатканняў і перадач.

Цяпер вось – новае пагаршэнне ўмоваў утрымання.

Нагадаем, што ў гэтай жа калоніі жорсткі ўціск зазнаў іншы палітзняволены сустаршыня «Маладога фронту», Зміцер Дашкевіч.

Пра ўмовы ў горацкай калоніі ён сказаў:  «Горацкая калёнія — самая жахлівая калёнія ў Беларусі, дзе наладжаная сыстэма, як я лічу, зьдзеку зь людзей — фізычнага, псыхалягічнага, маральнага. І для мяне абсалютна зразумела, што Васіля вязуць у горацкую калёнію дзеля гэтага. Там кіруе дзеяньнямі што да вязьняў Петраковіч, у якога ёсьць памочнік Ванька Іваноў. Вось яны разам і робяць гэтую справу». 

У канцы мінулага году былога вязня Плошчы-2010 году Васіля Парфянкова асудзілі на 1 год калёніі строгага рэжыму за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду.