На Акрэсьціна галадуюць двое: да Рубцова дадаўся Паліенка
У менскім ізалятары на Акрэсьціна знаходзіцца ня меней за 24 палітычных актывістаў, якіх затрымалі у прамежку паміж Чарнобыльскім шляхам і адкрыцьцём чэмпіянату сьвету па хакеі. Таксама два актывісты адбываюць прэвэнтыўныя арышты ў Горадні, адзін у Слоніме й адзін у Гомелі.
Пра гэта паведаміла праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка: «Дастаткова розная інфармацыя паступае з Акрэсьціна. Ведаем, што ёсьць праблема з карэспандэнцыяй, бо не прыходзяць ад іх лісты, ведаем, што ёсьць амаль пустыя камэры, бо Цэнтар утрыманьня правапарушальнікаў абсалютна ачысьцілі ад алькаголікаў і дармаедаў. Там пераважна сядзелі зараз людзі, якія чакаюць дэпартацыі, і вось зь імі сядзяць палітычныя. Перадаюць нам пра тую праблему, што некаторых не выводзяць з камэр на прамэнады. У некаторых камэрах няма вады, ёсьць праблемы з тым, што ў камэрах холадна».
Паводле Насты Лойкі, арыштаваны 8 траўня актывіст Зьміцер Паліенка таксама абвясьціў галадоўку, як і Юры Рубцоў, які сядзіць на Акрэсьціна ажно з Чарнобыльскага шляху за тое, што ішоў у майцы з антылукашэнкаўскімі надпісамі.
Калі актывістаў пачнуць вызваляць з Акрэсьціна? У нядзелю мусяць выйсьці Мікалай Колас зь Дзяржынскага раёну і масквіч Уладзімер Новікаў, якому, паводле Насты Лойкі, пагражае забарона ўезду ў Беларусь на 10 гадоў. Наступная хваля вызваленьня чакаецца 16 траўня, кажа праваабаронца:
«У Менску шмат хто выходзіць 16 траўня. Гэта Леанід Смоўж, Дзяніс Карноў, Аляксандар Курбацкі, Аляксандар Стукін, Валер Тамілін, Ільля Валавік, Сяргей Пазьняк, Кірыл Ермаловіч, Аляксандар Палякоў».
Пры гэтым Наста Лойка заўважае, што ў час гэтых вызваленьняў хакейны чэмпіянат будзе працягвацца і таму нельга выключаць новых затрыманьняў тых, хто выйдзе на волю. Наста Лойка кажа, што «ўсяго на Акрэсіцна для палітычных было „загатавана“ каля ста „пасадачных“ месцаў».
#minsk2014 #минск2014 #мінск2014 #worldcup2014 #hockey2014 #хоккей2014 #belarus2014 #icehockey2014