Васіль Парфянкоў: ПКТ мне як слану драбінка

Удзельнік Плошчы і абароны Курапатаў, палітвязень Васіль Парфянкоў праз амаль два тыдні маўчаньня даслаў ліст з памяшканьня камэрнага тыпу горацкай калёніі.

Грамадзкая актывістка, рэжысэр Вольга Мікалайчык атрымала ліст ад Парфянкова. Паводле яе, Васіль сядзеў у камэры адзін, калі пісаў ліст, а дзе ён знаходзіцца цяпер, Вольга ня ведае, бо ужо некалькі разоў Парфянкова кідалі ў ШЫЗА, ці карцэр, адкуль лісты не даходзяць.

«З пазытыўных момантаў — тое, што, як ён піша, яго ня зломяць, бо яму гэтыя ПКТ „як слану драбінка“. Яшчэ напісаў пра сям’ю, што яна зараз у надзейным месцы, за яе можна не турбавацца. Мы хацелі сабрацца і дапамагчы, але ён напісаў, што ня трэба турбавацца».

Васіль Парфянкоў адбывае год калёніі за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, які атрымаў пасьля некалькіх затрыманьняў на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.

Алег Грузьдзіловіч