Актуальна

Пад знакам Арла і «Пагоні»

Змагары за свабоду ў Беларусі разлічваюць на салідарнасць палякаў.

4 чэрвеня на Замкавай плошчы Варшавы, у прысутнасці афіцыйных дэлегацый амаль 50 краін былі вымаўленыя дзве важныя прамовы – прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага і зачытаная вядомым польскім акцёрам Анджэем Севярынам «Варшаўская дэкларацыя свабоды».

У цэлым гэта былі добрыя заявы, але тым не менш нам павінна быць за іх сорамна перад адным з нашых суседзяў. Рэдка калі кантраст паміж заявамі і рэальнымі дзеяннямі бывае настолькі вялікі, а чаканні – натуральныя і апраўданыя – так глыбока расчароўваюць, піша Пшэмыслаў Жураўскі на старонках выдання Gazeta Polska Codziennie (пераклад – charter97.org).

Усімі спосабамі і ва ўсіх выпадках прамаўлялася фраза: «Nie ma wolności bez solidarności» «Няма свабоды без салідарнасці», а ўсё ж салідарнасці не хапала. У Варшаве былі літоўцы, латышы і ўкраінцы – усе суседзі Беларусі, якія вырваліся з-пад панавання Масквы – народы, якія калісьці складалі Рэч Паспалітую разам з беларусамі, якія нароўні з палякамі былі яе галоўнымі стваральнікамі. Аднак ніхто нават не заікнуўся пра замежнага суседа. Палякі былі гаспадарамі гэтай сустрэчы, таму былі проста абавязаныя нагадаць пра Беларусь.

«Прыемна ведаць, што мы адны». Гэтай сумнай цытатай Збігнева Херберта можна было б апісаць пачуцці, якія гэтая сітуацыя выклікала сярод беларускай апазіцыі. Яе прадстаўнікі чакалі – што ж усё-такі будзе сказана ў Варшаве, што палякі скажуць пра Беларусь у прысутнасці прэзідэнта ЗША Барака Абамы, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, прэзідэнта Германіі – Ёахіма Гаўка, прэм\’ер-міністра Канады Стывена Харпера і многіх прадстаўнікоў іншых краін. Мы былі вінныя і працягваем быць віннымі беларусам гэты голас. У тым ліку ў якасці кампенсацыі за ганебную ролю польскага дзяржаўнага апарату ў арышце Алеся Бяляцкага шляхам перадачы беларускай пракуратуры банкаўскіх дадзеных, якія тычацца грошай, якія ён атрымаў з Польшчы. Дзякуючы гэтай інфармацыі ў лістападзе 2011 года Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады турмы строгага рэжыму. Таму варта было хоць бы нагадаць пра яго публічна. У сувязі з пераважным украінскім кантэкстам было няцяжка, а нават разумна і высакародна, таксама ўспомніць забітага 22 студзеня на кіеўскім Майдане беларуса Міхаіла Жызнеўскага – аднаго з першых загінулых. Хіба не варта было ў прамове пра «цуд на Вісле» згадаць украінскіх (атамана Сімона Пятлюру) і беларускіх (генерала Станіслава Булак-Булаховіча) таварышаў па зброі польскіх салдат у гэтай вайне з Масквой? Няўжо ў згадванні «Паслання да рабочых людзей Усходняй Еўропы», прынятым на I З\’ездзе «Салідарнасці» нельга было сказаць пра неабходнасць праявы салідарнасці таксама з сённяшнімі беларусамі? Ці калі прэзідэнт казаў, што «няма свабоды без салідарнасці з краінамі «Усходняга партнёрства», сярод іх не павінна быць Беларусі?

Так, Камароўскі прыняў зразумелую логіку – згадаў толькі тыя дзяржавы, якія з\’яўляюцца самымі перадавымі на сваім шляху на Захад: Малдову, Грузію і Украіну, але ці павінен ён быў так паступіць? Хіба ён не мог у асобным сказе згадаць пра неабходнасць салідарнасці не з урадам Беларусі, а з яе грамадзянамі? Згадкі пра Беларусь не знайшлося таксама ў «Варшаўскай дэкларацыі свабоды». Вельмі добра, што ў ёй прысутнічала асуджэнне анэксіі Крыма, але хіба існаванне ля нашых межаў «апошняй дыктатуры ў Еўропе» павінна быць праігнаравана такой колькасцю дзяржаў, у тым ліку – яшчэ раз падкрэслім – усіх, не лічачы Расею, суседзяў Беларусі?

Мы не ведаем дыпламатычнай кухні, у якой гатаваўся ход цырымоніі ў Варшаве 4 чэрвеня. Можа, пра Беларусь проста забыліся, а, быць можа, было лягчэй атрымаць падтрымку краін, якія сабраліся для моцнай заявы з выразным згадваннем толькі расейскай анэксіі Крыма, не ўспамінаючы пра праблему дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, іншыя не хацелі «адкрываць другі фронт». Цалкам верагодна, але прасцей – не значыць лепш. Калі нельга было ўключыць беларускую праблему ў шматбаковую заяву, абавязацельства ўспомніць пра нашага ўсходняга суседа выпала на прэзідэнта Рэспублікі Польшча.

У палітыцы, як у жыцці: ёсць цана дзеянню і цана бяздзейнасці. Інвестыцыі, у тым ліку палітычныя, павінны чагосьці каштаваць, перш чым стануць прыбытковымі. Да гэтага часу мы хвалімся як згаданым пасланнем I З\’езда «Салідарнасці», якое крытыкавалі ў момант яго склікання як «занадта радыкальны» крок, так і фактам, што мы першымі ў свеце прызналі незалежнасць Украіны. Прызнанне ўкраінскай дзяржаўнасці, а затым падтрымка, якую Польшча аказала Майдану ў 2004 і 2014 гадах, прыносіць свой плён. Новаабраны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка свой першы замежны візіт здзейсніў у Варшаву, і менавіта польская дыпламатыя стварала для яго платформу сустрэч з лідарамі найбольш уплывовых краін Захаду. Кіеў гэта запомніць.

Польшча павінна клапаціцца таксама пра тое, каб і ў Менску была непахісная ўпэўненасць, што хто, хто, але палякі пра Беларусь не забудуць ніколі, а кожны, хто падыме сцяг свабоды з дарагой нашым сэрцам «Пагоняй», можа разлічваць на нас. Хай ведаюць у Полацку і Віцебску, у Магілёве і Навагрудку, у Гродна і Лідзе, у Брэсце і Баранавічах, у Оршы і Ашмянах, у Слуцку і Браславе, у Гомелі, Лепелі, Мазыры, Пінску і Лунінцы, што пасланне старой паўстанцкай песні 1863 года «Побач з Арлом знак Пагоні» ўсё яшчэ актуальна для палякаў, таму што «няма свабоды без салідарнасці». Яе няма таксама без салідарнасці Польшчы з Беларуссю. Бо захоп Беларусі, як і захоп Украіны, быў заўсёды ўступленнем да заняволення Польшчы.

Хартыя\’97