Навіны

«Тая дурненькая бландыначка з пункту 21 — гэта Беларусь, натуральна»

Тры гады таму памёр палітолаг Віталь Сіліцкі. «Салідарнасць» пагутарыла з ягонымі сябрамі і калегамі.

«Ён быў геніяльным навукоўцам»

Рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў лічыць Віталя Сіліцкага ўнікальным чалавекам:

— Віталь быў геніяльным і адораным навукоўцам. Не памылюся, калі скажу, што сярод сваіх аднагодкаў ён быў самым адораным. І горкая іронія лёсу ў тым, што ў нас адыходзяць акурат самыя таленавітыя.

Унікальнасць Сіліцкага была ў тым, што ён атрымаў якасную адукацыю на Захадзе, але вярнуўся ў Беларусь, каб прымяніць свае веды на радзіме. Часцей за ўсё ў такіх выпадках таленавітыя людзі застаюцца там, дзе атрымалі адукацыю.

Віталь быў чалавекам беларускага Адраджэння, што таксама ўнікальна. Да яго ў акадэмічнай сферы амаль ніхто не паслугоўваўся беларускай мовай. Фактычна ён трывала замацаваў беларускую мову ў айчыннай паліталогіі.

Віталь быў таленавітым менеджарам. Пра гэта сведчыць, тое, што Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў чацвёрты год пасля яго адыходу спраўна функцыянуе.

Лёс быў несправядлівы да Віталя, але ён мужна пераносіў усе выпрабаванні да самых апошніх дзён.

Пасля сябе Сіліцкі пакінуў вялізны навуковы даробак, які ўкладваецца ў пяць тамоў. І тут дакор усім нам, да любой супольнасці, чаму за гэтыя тры гады ягоныя працы так і не былі надрукаваныя.

Валер Булгакаў выступае на вечарыне памяці Віталя Сіліцкага. Фота vitalisilitski.org

Валер Булгакаў выступае на вечарыне памяці Віталя Сіліцкага. Фота vitalisilitski.org

«Віталь быў глыбай»

Намеснік старшыні Руху «За Свабоду», палітолаг Алесь Лагвінец таксама падкрэслівае ўнікальнасць Віталя Сіліцкага:

— Асоба вельмі дынамічная, адкрытая, чалавек з выдатным пачуццём гумару. Віталь быў вельмі прыязным чалавекам, што сведчыла пра шырыню яго натуры.

Меў асабісты погляд на рэчы, часам мог патлумачыць, здавался б, трывіяльныя рэчы пад іншым ракурсам, адкрываючы невядомыя бакі з’яваў.

Гэта была глыба — па тым, што ён паспеў зрабіць. Ён быў унікальны і сваёй вядомасцю у асяроддзі палітолагаў за мяжой.

Паводле сяброў, Віталь Сіліцкі меў выданае пачуццё гумару. На фота — з палітолагам Дзянісам Мельянцовым

Паводле сяброў, Віталь Сіліцкі меў выданае пачуццё гумару. На фота — з палітолагам Дзянісам Мельянцовым

Віталь Сіліцкі пра сябе

Аднойчы Віталь напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку іранічную аўтабіяграфію, якую назваў «25+1 выпадковых фактаў пра сябе»:

1. Я навучыўся завязваць матузкі правільна толькі ў 33 гады. Спампаваў інструкцыю з інтэрнэта.

2. Дактары па тры разы мераюць мне ціск, бо не вераць, што ён як у нармальнага чалавека, пры маёй та вазе.

3. Калісьці ў мяне быў пояс па тэквандо. Кіло так 50 таму… Адначасова я браў урокі бальных танцаў.

4. Я ўмею гатаваць. Так-так, менавіта.

5. Я глядзеў фільмы Феліні ў Ратгерскай бібліятэцы ў 1996. Экран быў у невялікім пакойчыку і калі я выйшаў, то зразумеў, што інстынктыўна шукаю поп-корн.

6. Я атрымаў узнагароду Маргарэт Тэтчэр ад Маладых еўрапейскіх кансерватараў у 1999. Так-так, усе мае сябры левых поглядаў! (Але я насамрэч лібертарыянец. Называйце мяне неакансерватарам якія выступае за права на аборт:-)

7. Першы раз я напіўся, калі мне было 15. Я выкжултаў бутэльку самагону, каб памалявацца перад дзяўчынай, калі клас быў на экскурсіі ў Ленінградзе. Гэта быў 1988…

8. Калі мне было 10 год, я ненавідзіў усё, што казалася па-беларуску. Калі мне было 20, я ненавідзіў усё, што казалася па-руску.

Віталь Сіліцкі

9. Я з цяжкасцю магу абраць між лазняй і футболам. Калі я іду з венікам у парылку, уся кампанія сыходзіць, бо не можа трываць таго пару, што я дадаю. Таму ў мяне і не шмат сяброў па лазні.

10. Я ледзве не памёр у Будапешце ў 21 год з-за апендыцыту. Я з цяжкасцю мог патлумачыць суседзям, што мне патрэбная хуткая дапамога. На шчасце, адзін з іх размаўляў па-ангельску.

11. Першая кніга, якую я набыў на ўласныя грошы (я выйграў рубель у латэраю) — «Вянок» Максіма Багдановіча.

12. Сцюардэса з рэйса Delta Кіеў-Нью-Ёрк неяк запытала ў мяне імёны ўсіх прэзідэнтаў ЗША, якія нарадзіліся ў Віргініі. Я назваў — і выйграў месца ў першым класе да канца рэйса.

13. Я падумваў аб тым, каб прыняць каталіцызм, калі мне было амаль 20 год, да таго, як я страціў інтарэс да рэлігіі за выключэннем як да аб’екту вывучэння і адлюстравання магчымага шляху разумення свету.

Фота з сямейнага архіву Віталя Сіліцкага, vitalisilitski.org

Фота з сямейнага архіву Віталя Сіліцкага, vitalisilitski.org

14. Я быў на канцэрце Селін Дыён… Мусіў звадзіць туды сябра, які вычытваў маю доктраскую дысертацыю. Не магу нават узгадаць горшага досведу. Хіба што заўзенне за Чэлсі.

15. Калі мне было 16, я марыў навучацца ў Штатах. Калі мне было 25, я марыў аб уласным даследчым інстытуце. Я не раскрыю вам маю цяперашнюю мару:-)

16. Я не змагу глядзець на Нью-Ёрк без вежаў-блізнятаў. Ніколі не вернецца мая любоў да гэтага гораду. Сумна… Я сапраўды адчуваў так, нібыта перастаў кахаць асобу.

17. Я правёў год у Стэнфардзе і наведаў Сан-Францыска толькі тры разы. Я сапраўды лічу, што Пало Альто з’яўляецца найбольш разняволеным, неверагодна камфортным і прыязным месцам з тых, дзе я калісці жыў ці буду жыць.

18. Чэсна — я не трымаю крыўды на ЕГУ.

19. Я б ні за што не выпіў піва цягам году пасьля вяртання з Каліфорніі. Ну вы ведаеце, гэта край віна!

20. Я сядзеў у бары з трамя дзесяткамі заўзятараў Мілана 25 траўня 2005, гледзячы фінал Лігі чэмпіёнаў. Я быў адзіным на баку чырвоных. І я не сышоў на сярэдзіне гульні пры ліку 0-3. Вось чаму ліверпульцы ніколі не ходзяць паасобку.

21. Я закаханы ў дурненькую бляндыначку.

22. Аднойчы ў мяне былі праблемы са страўнікам на трансатлантычным рэйсе і я правёў большасць палёта ў прыбіральні. Турбулентнасць там вельмі забаўная!

23. Мяне ледзьве не арыштавалі на Крышчаціку а другой ночы. Міліцыянты адчапіліся, калі я сказаў, што яны могуць забраць мяне ў пастарунак, калі пажадаюць. Я ясна даў ім зразумець, што не збіраюся даваць хабар.

24. Айн Рэнд — мая ўлюблёная пісменніца. А Уладзімір Караткевіч — мой любімы паэт. І абодвух я назаву як маіх любімых філосафаў.

25. Аднойчы сябар падвозіў мяне да аэрапорта Бойсэ, Айдаха, і па радыё круцілі Highway to Hell. І я кожны раз слухаў гэтую песню пры ўзлёце некалькі год запар пасьля таго.

25+1. Тая дурненькая бландыначка з пункту 21 — гэта Беларусь, натуральна.

Віталь Сіліцкі на фестывалі BelaMusic у Минску, лета 2010 года. Фота Сямёна Печанко

Віталь Сіліцкі на фестывалі BelaMusic у Минску, лета 2010 года. Фота Сямёна Печанко

Віталь Сіліцкі (1972-2011) — палітолаг, аналітык, грамадскія дзеяч. Доктар паліталогіі Ратгерскага ўнівэрсытэта (Нью-Джэрсі, ЗША). Атрымаў сусветную вядомасць у навуковых экспертных колах за распрацоўку канцэпцыі «прэвентыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу». Першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

У 2013 годзе Камітэтам памяці была заснаваная прэмія імя Віталя Сіліцкага «За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі».

gazetaby.com