Суд спрабаваў пазбавіць Мікалая Аўтуховіча правоў кіроўцы
Без правоў кіроўцы былы палітвязень пазбавіцца адзінага заробку.
Ваўкавыскія судовыя выканаўцы планавалі забраць у былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча правы, каб пакараць за тое, што ён не плаціць доўг, які застаўся пасля першай судовай справы 2006 года.
Пасля першай судовай справы нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў за прадпрымальніцкую дзейнасць за Аўтуховічам застаўся вялікі доўг, які ён не збіраецца вяртаць. Цяпер гэта больш як Br350 млн. Праўда, апошні раз Аўтуховічу называлі значна большую суму: прыкладна $140 тыс. (каля Br1, 4 млрд). Сума паменшылася пасля канфіскацыі маёмасці – кватэры, двух складоў і 13 таксі, перадае «Белсат».
«У мяне ўсё забралі, больш у мяне нічога няма», – кажа Мікалай Аўтуховіч.
Судовыя выканаўцы сочаць за тым, каб ён выплаціў доўг. Паколькі гэтага не адбываецца, яны ініцыявалі часовае пазбаўленне палітвязня правоў кіравання аўтамабілем у якасці пакарання. Але суд не задаволіў дадзены пазоў. Аўтуховіча не пазбавілі правоў, паколькі з 2 чэрвеня ён уладкаваўся на працу кіроўцам аўтамабіля, і гэта цяпер яго адзіны заробак.
Правы на кіраванне аўтамабілем былы палітвязень мае з 16 гадоў (зараз яму 50), і іх у яго яшчэ ні разу не забіралі за за парушэнні.
Упершыню Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года пасля таго, як стаў актыўна змагацца за свой бізнес (у прадпрымальніка была фірма таксі) і праводзіць доўгія галадоўкі пратэсту. Абвінаваціўшы ў нясплаце падаткаў, прадпрымальніка асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ.
У другі раз Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага 2009 года, асуджаны 6 траўня 2010 года Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і, нягледзячы на поўны развал справы ў судзе з-за адсутнасці доказаў, прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму
Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №5 у Івацэвічах ў турму №1 Гродна.
Аўтуховіч сваёй віны ў судзе не прызнаў і заявіў, што яго пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць. З-за ціску і правакацый з боку адміністрацый турмаў спрабаваў пакончыць з сабой.