Палітвязня Ігара Аліневіча перавялі ў калонію Віцьба-3
Палітвязня Ігара Аліневіча перавялі ў калонію Віцьба-3, дзе раней адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Там жа адбывалі пакаранне і іншыя палітвязні найноўшай гісторыі Беларусі – Сяргей Скрабец, Аляксандр Атрошчанкаў.
Бацька палітвязьня Ўладзімер Аліневіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ягонага сына перавялі з наваполацкай калоніі ў калонію Віцьба-3, якая знаходзіцца непадалёк ад Віцебску.
«Мы атрымалі афіцыйнае паведамленьне, што ён знаходзіцца ў калоніі Віцьба-3. Яго туды прызначыў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. І гэта ўсё. Ад яго пакуль адтуль лістоў не было. Што і як — дакладна ня ведаем. Хутчэй за ўсё, патрапіў у карантын і таму пакуль ад яго нічога няма», — сказаў Уладзімер Аліневіч.
У калоніі Віцьба-3 пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Спадар Казулін сказаў, што яму вядома пра новае будаўніцтва ў калоніі, таму ўмовы ў ёй цяпер могуць быць лепшыя за часы, як ён там быў.
«Што такое калонія? У ёй галоўнае не ўмовы, а стаўленьне ахоўнікаў і адміністрацыі, адносіны да вязьняў. А ўмовы там могуць быць ня самыя кепскія», — мяркуе Аляксандр Казулін.
Пра адміністрацыю Віцьбы-3 былы палітвязень нічога не ўзяўся казаць, спаслаўшыся на тое, што там зьмяніўся начальнік.
_________________________________
Ігар Аліневіч раней адбываў пакараньне ў калоніі ў Наваполацку, якая лічылася самай дрэннай паводле экалогіі. Ў пачатку году было прынятае рашэньне аб яе расфармаваньні.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 год зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў.
Ад рэдакцыі: Цяпер у Ігара Аліневіча новы адрас:
ПК № 3, 211300, Віцебская вобл., Віцебскі р-н, п. Віцьба