Ліставанне з Міколам Статкевічам ізноў ускладнілася

“Тут сталі ствараць праблемы з чытаннем. Па-першае, газеты прыносяць толькі пасля напамінаў і са спазненнем. Па-другое, бібліятэкар прыносіць толькі тыя кніжкі, якія ён мне ўжо прыносіў. Некаторыя – па некалькі разоў. Не ведаю што гэта. Ці то хочуць, каб адзіночка болей адчувалася. Ці звычайнае раздалбайства. Маўчаў бы, але і за лісты “ўзяліся”…”

 

Пра гэта паведаміў у лісце да жонкі палітзняволены, кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, Мікалай Статкевіч.

Каментуе Марына Адамовіч:

Ізноў, на жаль, аднавілася практыка канфіскацыі лістоў, якія “не прайшлі цэнзуру”. Пра гэта Мікалай паведаміў у апошнім атрыманым лісце. Папярэдні яго ліст да мяне так і не дайшоў. Прычым, паведамляюць аб знішчэнні ліста Мікалаю напрыканцы максімальнага тэрміну для цэнзуры, вось і атрымліваюцца перапынкі ў ліставанні.

Ён паведаміў, што, як заўжды, не ведае прычын канфіскацыі, бо з “сакрэтнай” інфармацыі ў адным з канфіскаваных лістоў пісаў толькі пра тое, што “памеры прагулачнага дворыка 5 х 7 крокаў, а адлегласць ад маёй камеры да яго – 35 крокаў. Ну, пра тое, што водзяць мяне туды ў суправаджэнні дзьвух сабак, вядома даўно”.

– І сапраўды, Мікола пісаў раней, што на прагулку яго “суправаджаюць” два сабакі. Мяркую, гэта звычайная турэмная практыка для “схільных да ўцёкаў і нападу”, якім Міколу прызналі турэмшчыкі, і дзяржаўным сакрэтам не з\’яўляецца, – кажа Марына Адамовіч.
– У іншым лісце Мікалай Статкевіч напісаў, што “існуе вялікая верагоднасць вяртання Марціна Шульца на пасаду старшыні Еўрапарламента.” Гэты ліст таксама канфіскавалі.  Мо вырашылі, што ў Мікалая ёсць нейкія патаемныя каналы сувязі з Еўрапарламентам, па якім ён атрымлівае інсайдарскую інфармацыю?

Што да мяне, то я рада, што і праз тры з паловай гады поўнай ізаляцыі Мікалай Статкевіч добра арыентуецца ў варунках міжнароднай палітыкі, – зазначыла жонка палітыка.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў каментары да гэтай навіны Марына Адамовіч напісала: “Ад сябе дабаўлю – спачатку Мікола амаль дзевяць месяцаў сядзеў у “перасыльнай” камеры з бетоннымі сценамі і падлогай, вільготнымі сценамі (аж пакуль тынкоўка не абвалілася), цяпер – у камеры з цёмна-сінімі сценамі – насуперак ПУР. Мабыць, таксама “спосаб уздзеяння”

Ад рэдакцыі: Згодна з п. 45 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў у Беларусі сцены камер у турмах, памяшканнях камернага тыпу (ПКТ) папраўчых устаноў і  ШІЗА павінны быць атынкаваныя і пафарбаваныя ў белы (светлы) колер.