Навіны

Палітвязні не актуальныя? (Відэа)

«Перадумова дыялогу — гэта вызваленне і рэабілітацыя вязняў сумлення».

Гэтак выказваўся пра дыялог з афіцыйным Менскам не толькі міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, але і ўся Аб’яднаная Еўропа пасля брутальнага разгону выбарчых пратэстаў у 2010 годзе. Але ўчора ўвечары кіраўнік польскай дыпламатыі сустракаў у Варшаве свайго беларускага калегу. А за дзень да гэтага адбылася тэлефонная размова прэм’ера Дональда Туска і Аляксандра Лукашэнкі. Гутарылі пра двухбаковыя адносіны і вынікі менскага саміту. «Апошні дыктатар Еўропы» ўжо не такі страшны?

ВАДЗІМ МАЖЭЙКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»:
«У нас у Еўропе ідзе натуральная вайна, то, канечне, на другі план адыходзяць усе іншыя, менш істотныя пытанні. Ну, і канечне, Лукашэнка, з усімі ягонымі дзеяннямі і палітвязнямі выглядае менш інфернальна, чымся Пуцін, з-за якога гінуць сотні і тысячы людзей».

Драму некалькіх чалавек, зняволеных за свае палітычныя перакананні, цяжка параўнаць з жахамі вайны і калонамі расейскіх танкаў, што ідуць ва Украіну. Аднак у дэмакратычных сілаў дый у грамадскай супольнасці быў ні адзін год, каб дамагчыся іхнага вызвалення. Некаторыя выйшлі на волю. Яшчэ сямёра застаюцца за кратамі. Чаму?

ЛЮДМІЛА ГРАЗНОВА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Мы не змаглі іх ператварыць у гэткіх маральных лідараў. То бок тая кампанія, што магла б быць зробленая, яна рэальна не адбылася. І асобныя нейкія спробы жонак ды матак узняць іхнае імя не далі чаканага выніку».

Самы вядомы з іх – кандыдат на прэзідэнта ў 2010 годзе Мікола Статкевіч – за кратамі ўжо трэці год. І калі нічога не зменіцца ці Аляксандр Лукашэнка не злітасцівіцца – яшчэ столькі ж там і застанецца. Прычым ад пацяплення адносінаў паміж Менскам і Бруселем умовы ў палітвязняў не паляпшаюцца.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКОЛЫ СТАТКЕВІЧА:
«Апошнія восем месяцаў практычна ён ужо знаходзіцца ў адзіночцы. Ён увесь час адзін у камеры, з паўтарыгадзінным шпацырам… і ўсё».

Але пакуты палітвязняў ды іхных сем’яў ніяк не адбіліся на іміджавым трыумфе кіраўніка Беларусі. Акрамя адкрытых размоваў з польскімі палітыкамі ў Менску, які Лукашэнка прапаноўваў як нейтральную пляцоўку для размоваў пра ўкраінскі крызіс, упершыню за доўгі час прыязджаюць не толькі старыя сябры, але і еўрапейскія лідары.

ВАДЗІМ МАЖЭЙКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»:
«То бок Лукашэнка – на роўных: такі ж прэзідэнт, як іншыя прэзідэнты. У прынцыпе, тое, пра што беларуская дыпламатыя апошнія гады і казала – мы хочам быць на роўных, каб нас не дыскрымінавалі, каб з намі размаўлялі як з роўным еўрапейскім партнёрам – у прынцыпе, гэтых мэтаў Лукашэнка так ці інакш дасягае».

І гэткім чынам робіцца адзіным, для каго ўкраінскі крызіс прынёс хоць нейкія выгоды. Прычым за гэта ён не саступіў ні на крок са сваіх ранейшых пазіцыяў.

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў», Белсат ТВ

preload imagepreload image