Паўла Вінаградава затрымалі і будуць судзіць
Актывіста моладзевай ініцыятывы «Зьмена» Паўла Вінаградава не адпусьцілі з пастарунку. 12 верасьня яго будуць судзіць.
«Дзяжурны ў РУУС мне сказаў, што яго павязуць у Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, а заўтра будзе суд. Мяркуючы па ўсім, за парушэньне нагляду», — сказала карэспандэнту Свабоды жонка актывіста Сьвятлана.
11 верасьня раніцай Павал пайшоў у пастарунак, каб адзначыцца згодна з умовамі прэвэнтыўнага нагляду. Аднак дахаты ён ужо не вярнуўся.
10 верасьня ў кватэру да актывіста моладзевай ініцыятывы «Зьмена» Паўла Вінаградава прыйшлі чатыры супрацоўнікі міліцыі.
«Яны прыйшлі праверыць, ці дома я і „паглядзець жыльлёвыя ўмовы“, пра што нават склалі акт, апытаўшы мяне і Сьвятлану. Нічога асаблівага, стан кватэры „здавальняючы“. Пакуль апытвалі Сьвятлану, адзін зь міліцыянтаў сказаў: „Ты пакуль зьбірайся, хочам пагутарыць“. Я кажу: „Зараз жонку апытаюць, і буду зьбірацца, а то я мінулы раз пакінуў вас без нагляду, і ў мяне 30 балёнікаў скралі і балён з геліем“. Скончыў мой інспэктар складаць акт і кажа: „Усё, давай“. Фармальная прычына гутаркі — „скласьці заключэньне па аглядзе“. Зьбіраюся я, значыць, і тут аднаму зь іх патэлефанавалі. Ён выйшаў пагутарыць у калідор, вяртаецца і кажа: „Усё, адбой. Не зьбірайся“. І паехалі. Гэта ж нездарма. Заўтра яшчэ на адзнаку да іх ісьці трэба па любому. Паглядзім, што будзе», — апавёў пасьля візыту міліцыянтаў Павал.
Былы палітвязень Павал Вінаградаў — рэкардсмэн па адвольных затрыманьнях. У сакавіку ён быў асуджаны на 25 сутак арышту і трымаў галадоўку.
У жніўні Вінаградава арыштавалі на 10 сутак. Ён апавёў, што гэта яго 16-я адміністрацыйная справа, і з гэтага ліку 9 былі па абвінавачаньні ў лаянцы.