Някляеў прапанаваў свой план прэзідэнцкай кампаніі-2015
Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў прапануе свой план правядзення палітычнай кампаніі падчас прэзідэнцкіх выбараў-2015 і распавядае, што для гэтага неабходна.
“Для большасці нашага грамадства пустыя, бязважкія не толькі словы свабода, дэмакратыя,але і слова мараль, напоўніць зместам якое можна толькі праз маральныя ўчынкі, – заявіў Някляеў на старонках “Народнай Волі”.
– Менавіта такім учынкам у тых абставінах, якія сёння склаліся, можабыць вылучэнне адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл таго палітыка, чыя адданасць названым прынцыпам несумнеўная. Грамадзяніна, які дзеля свабоды Беларусі ахвяруе асабістай свабодай. Чалавека, не зламанага шматгадовым зняволеннем і вартага не толькі нашай павагі, але і нашых дзеянняў, якія павагу нашу даказваюць. Палітвязня Мікалая Статкевіча”.
Па словах палітыка, асноўнае пярэчанне супраць гэтага: ЦВК не зарэгіструе такога кандыдата. Хутчэй за ўсё — так. Але ЦВК не зможа перашкодзіць правядзенню палітычнай кампаніі за рэгістрацыю Статкевіча. За вызваленне палітвязняў і свабодныя выбары.
“Як гэтую кампанію праводзіць, хто за яе павінен адказваць? З досведу ведаю: калі ўсе, значыць – ніхто, – дадае экс-кандыдат у прэзідэнты. – Для эфектыўнага правядзення такой кампаніі апазіцыя павінна вызначыцца з яшчэ адным кандыдатам, „дублёрам” Статкевіча.
Менавіта праз яго павінна быць даведзена ўмова рэжыму: альбо вызваленне палітвязняў і свабодныя выбары, альбо актыўны байкот выбараў дэмакратычнай часткай грамадства. Такім „дублёрам” для ўдзелу ў выбарчай кампаніі можа быць любы апазіцыйны палітык, які прэтэндуе на ролю адзінага кандыдата. Аднак мандат ягоны ў якасці кандыдата мусіць быць абмежаваны.
Пры рэгістрацыі Мікалая Статкевіча другі кандыдат павінен адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах, а пры адмове ў рэгістрацыі Мікалая Статкевіча – правесці агітацыйную кампанію з заклікам да актыўнага байкоту і таксама зняць сваю кандыдатуру да пачатку датэрміновага галасавання”.
Па словах Някляева, гэта трэба прапісаць, замацаваць у рашэнні Кангрэса – і ўсе ўдзельнікі выбараў павінны прызнаць дырэктыўнасць, абавязковасць такога рашэння.
Уладзімір Някляеў: Рэалізаваць гэты план абсалютна магчыма, але пры ўмове, што ў стане беларускай апазіцыі будзе адзінства, і яна да гэтага прыйдзе. А сам Мікалай Статкевіч, наколькі мне вядома, у курсе справы.
РР: Ад чаго залежыць адзінства? Што неабходна, каб дэмакратычная грамадскасць аб’ядналася?
Уладзімір Някляеў: Адзінства залежыць ад таго, як лідары апазіцыі паставяцца да гэтага, бо яны ўжо амаль год займаюцца тым, што вылучаюць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Дык што важней: персанальнае ўвасабленне ці што гэты адзіны кандыдат будзе рабіць? Гэта значыць – трэба прыняць агульную праграму дзеянняў, і пад ёй усім падпісацца. Вось і ўся працэдура, якую неабходна, каб зацвердзіў Кангрэс. Трэба прыйсці да падпісання дакумента аб адзінстве. Вось што неабходна найперш, а не абяцанкі-цацанкі. Я добра памятаю сітуацыю 2006 году, калі без такіх замацаваных дакументальных дамоўленасцей быў абраны на Кангрэсе адзіным Мілінкевіч. Але, як толькі яго абралі, усе астатнія ўдзельнікі працэса разбегліся ва ўсе бакі і, па сутнасці, ніхто Мілінкевіча на выбарах не падтрымаў апроч руху “За свабоду”. З такім падыходам мы нічога не даможамся.