АктуальнаПалітвязні

Андрэй Саннiкаў: Калі Статкевіч загадвае «Жыве Беларусь!», мы павінны адказваць «Рэй!»

Лiдар грамадзянскай кампанii “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннiкаў прысвяцiў апошнi пост у “Фэйсбуку” сапраўднаму беларускаму герою – Мiкалаю Статкевiчу.

«Са святам, Мікола! З Днём вызвалення сталіцы Беларусі ад акупантаў!

Мікола Статкевіч, як і большасць беларусаў, ніколі не прызнаваў фальшывы “дзень незалежнасці”, які узурпатар прызначыў на 3 ліпеня сабе на пацеху.

Але ён, як і большасць беларусаў, шанаваў гэты дзень як дзень вызвалення Мінска ад нацысцкіх акупантаў. Паважаў і святкаваў, праводзіў акцыі пратэсту, за якія яго кідалі за краты спадкаемцы тых самых акупантаў.

Сёння ён зноў у вязніцы. Яго зноў судзяць акупанты, гэтым разам не проста на зачыненым працэсе – суд адбываецца у будынку СІЗА, ачэпленым аўтазакамі і пад узмоцненнай аховай унутры.

Кароткае відэа: у клетку заводзяць ваеннапалонных акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі. Статкевіч заходзіць імгненна пазнавальным сваёй сабранасцю і накіраванасцю на барацьбу. Думаю, не толькі я гэта ўбачыў, як рашуча, амаль у баксёрскай стойцы зайшоў Мікола ў клетку, а скаваныя кайданкамі рукі за спіной азначалі страх турэмшчыкаў, а не меры засцярогі.

Увайшоўшы ў клетку, Мікола коратка і дзелавіта сказаў “Жыве Беларусь!”.

Гэта не быў лозунг, гэта быў загад беларускага афіцэра ўсім нам “Жыве Беларусь!”

Сказаць, што ён герой? Неяк ня вельмі дарэчна, на мой погляд. Сёння героямі абвяшчаюць іншых, тых, хто хайпануў на гістарычным моманце альбо запісаў ментаўское відэа. Паняцце гераізм сёння паступова дэвальвуецца. Можа, гэта і нядрэнна, бо для перамогі рэвалюцыі патрэбныя не ўспышкі гераізму, а настойлівасць, паслядоўнасць і штодзённая свядомая праца.

Недарэчна і жадаць Міколу “трымацца!”. Гэта нам варта павучыцца ў яго ўменню стаічна выносіць усю брыдоту ад тых нелюдзяў, хто яшчэ служыць гэтаму рэжыму.

Cтаткевич, безумоўна, выбітная постаць не толькі нашага сённяшняга палітычнага жыцця, але і ўсёй нашай гісторыі.

Да яго і трэба ставіцца як да нашага выдатнага сучасніка, як да рэальнага лідэра апазіцыі, паслядоўнага і ахвярнага змагара за свабоду нашай краіны.

Таму калі Статкевіч загадвае “Жыве Беларусь!”, мы павінны адказваць “Рэй!”»

 

YouTube player