Які сэнс абіраць Статкевіча кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года?
Ідэя абрання адзіным кандыдатам ад апазіцыі Мікалая Статкевіча атрымала падтрымку і ў самога палітвязня. У сваім апошнім лісце з турмы ён не супраць ачоліць апазіцыю на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Нягледзячы на тое, што паводле прысуду за кратамі Статкевіч мусіць заставацца да снежня 2016 года.
Але ж кандыдатам чалавека, які адбывае пакаранне, Цэнтрвыбаркам усё адно не зарэгіструе. Ці рэгістрацыя ўсё ж магчымая, калі сабраць неабходную колькасць подпісаў за Статкевіча?
“Яны не могуць гэтага зрабіць (збіраць за Статкевіча неабходныя для рэгістрацыі яго кандыдатам 100 тысяч подпісаў — Еўрарадыё), — расчароўвае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Гэта такое ж глупства і правакацыя, якую яны (кампанія “Гавары праўду” — Еўрарадыё) зладзілі з нейкім “Народным рэферэндумам”. З тымі подпісамі, якія яны прыцягнулі сюды. Першае: рэферэндум праводзіцца пры наяўнасці 350 тысяч подпісаў, а не 50 тысяч. Другое: каб пачаць працэдуру, неабходна зарэгістраваць ініцыятыўную групу. А не прыцягваць невядома што! А то яны пакрычалі, заявілі, прывезлі, але ж гэта ўсё юрыдычна нікчэмна. Гэтак жа, калі ініцыятыўная група Статкевіча не будзе зарэгістравана, то ўсе зборы подпісаў — гэта звычайная правакацыя”.
Тым не менш у “Гавары праўду” ад ідэі абрання Статкевіча “адзіным” не адмаўляюцца. Праўда, з адным удакладненнем: на Кангрэсе дэмсіл адначасова галасуюць за “дублёра”, расказвае Еўрарадыё намеснік лідара кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.
Андрэй Дзмітрыеў: “На Кангрэсе адразу называюцца прозвішчы Статкевіча і яго дублёра. І фармуюцца дзве ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў (па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты — Еўрарадыё). Усе, хто хоча выказаць сваю падтрымку не толькі Статкевічу, але і тэме, што ў Беларусі ўвогуле не павінна быць палітзняволеных, ідуць у гэтыя групы. Гэтыя дзве групы падаюцца ў ЦВК. Мы разумеем, што ЦВК можа адмовіць (у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча — Еўрарадыё). Але рэгіструецца група дублёра. Гэты дублёр абяцае, што ён здымаецца да пачатку датэрміновага галасавання. Такім чынам, ён выкарыстоўвае ўсе магчымасці выбарчай кампаніі, каб выказацца на тэму палітзняволеных і пра тое, што вызваленне Статкевіча і іншых палітвязняў неабходнае”.
Калі нічога не зменіцца і выбары будуць праходзіць у лістападзе 2015 года, то афіцыйна выбарчая кампанія пачнецца ў жніўні. І пачнецца яна з рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. На гэтым этапе ўдзел Міколы Статкевіча ў выбарах скончыцца — яго групу не зарэгіструюць. А “адзіным” ён пабудзе некалькі месяцаў: ад дня абвяшчэння на Кангрэсе да дня рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Як шмат людзей пра яго “адзінства” за гэты час даведаецца? Без магчымасці выхаду да людзей падчас выбарчай кампаніі — не нашмат больш, чым ведае пра сённяшнія дзеянні апазіцыі.
Разлік на тое, што пра наяўнасць у краіне палітвязняў і канкрэтна пра Статкевіча будзе расказваць людзям падчас сваёй агітацыйнай кампаніі “дублёр”, прызнаецца Андрэй Дзмітрыеў. Гэта той, нагадаю, які здымецца да пачатку галасавання.
Андрэй Дзмітрыеў: “Гэта будзе праца на тое, каб данесці ідэю па Статкевічу і астатніх палітзняволеных да максімальнай колькасці людзей, выкарыстоўваючы выбары, а потым зняцца — фактычна гэта такі байкот выбараў”.
Такая матывацыя ўдзелу ў выбарчай кампаніі абурае старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну.
Лідзія Ярмошына: “Тое, што Статкевіч ёсць на свеце і што ён сядзіць, ведаюць усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Таму гэты збор пусты, пустыя і незаконныя дзеянні гэтыя яны… яны нават шмат шуму не могуць утварыць!”
Затое выхад да людзей з патрабаваннем вызвалення і ўзнаўлення ў правах усіх палітвязняў дазволіць апазіцыі захаваць твар. Рэч у тым, тлумачыць палітолаг Аляксандр Фядута, што сёння ўсе патэнцыйныя кандыдаты на адзінага сутыкнуліся твар да твару з такой з’явай, як “Плошча” — заклікаць да яе ці не? Раней заўжды гэта рабілі, але сітуацыю змяніў Майдан і людзі Плошчы не хочуць.
Аляксандр Фядута: “Але ніякага іншага сцэнару беларуская апазіцыя не мае. Адзіны мажлівы сцэнар — байкот. А байкот мажлівы ў тым выпадку, калі будзе агучанае адзінае патрабаванне дэмакратычных сіл: вызваленне і ўзнаўленне ў грамадзянскіх правах палітычных зняволеных. Зразумела, што Аляксандр Лукашэнка гэтага не зробіць. Таму трэба быць рэалістамі і высоўваць менавіта гэта патрабаванне”.
Дарэчы, загадзя папярэджваючы, што нават ініцыятыўная група Міколы Статкевіча не будзе зарэгістраваная, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, упэўнены Фядута, парушае адно з галоўных правоў выбаршчыкаў — права вылучыць кандыдатам любога грамадзяніна краіны. Маўляў, не рэгістраваць Статкевіча кандыдатам ЦВК мае права, але адмовіць грамадзянам у праве вылучыць яго і ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за гэтага палітыка права не мае. Ну, зарэгістраваў жа ЦВК ініцыятыўную групу па зборы подпісаў на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Зянона Пазняка, калі той не жыў у Беларусі ўжо больш за 10 гадоў і было дакладна вядома, што рэальна браць удзел у выбарах Пазняк не будзе!
А што, калі Міколу Статкевіча да пачатку выбарчай кампаніі вызваляць?
Лідзія Ярмошына: “Калі на той момант ён будзе ўжо на свабодзе і за ім не будзе лічыцца непагашанай судзімасці, ён можа вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Я не бачыла прысуду Статкевіча, мне цяжка сказаць, якая там дадатковая мера і што ідзе пасля таго, як ён адбудзе ўвесь тэрмін, вызначаны прысудам. Але гледзячы па ўсім, у яго наўрад ці ёсць юрыдычныя шанцы на гэта”.
Такім чынам, нават калі фармальна Статкевіч і будзе абраны адзіным на Кангрэсе, то сапраўдным адзіным па выніку будзе яго “дублёр”. І значыць, сёння для апазіцыі галоўнае — абраць дублёрам нефармальнага, але сапраўднага адзінага. А вось з гэтым у дэмсіл пакуль відавочныя праблемы — кансультацыі вядуцца, але безвынікова, і нават дату правядзення Кангрэсу яго ініцыятары назваць не могуць.
Дарэчы, як стала вядома Еўрарадыё, лідары апазіцыі не пагадзіліся з прапановай абраць адзіным Міколу Статкевіча. Праўда, пакуль гэтае сваё рашэнне агучваць не спяшаюцца.