Лісты на волю

Буду сядзець у адзіночнай камеры

З ліста ад 04.07.2022

“Тут сёння размяркоўвалі па атрадам. Мяне размеркавалі ў 7-ы. На камісіі мне паведамілі, што мая традыцыйная заява ўпершыню не задаволена. Бо пагрозы ад “кантынгенту” мне няма, што я і сам ведаю. А пагрозу ад супрацоўнікаў МУС яны не прызнаюць. Але ж мой досвед сведчыць пра супрацьлеглае. [Мікалай прыгадваў пра тое ў мінулым лісце, які ніжэй на маёй старонцы, – М.А.]. Таму, каб не ставіць пад пагрозу сябе, сваіх блізкіх і знаёмых, я адмоўлюся “сядзець” з адмыслова падабранымі мне сукамернікамі. Пра што і заявіў на гэтай камісіі.

Ну вось, толькі напісаў гэтыя радкі, як у камеру зайшла група супрацоўнікаў, каб “у апошні раз” прапанаваць мне адмовіцца ад сваёй пазіцыі. Лёгкія на ўспамін ? Я сваёй пазіцыі не мяняю.

Таму мне давялі, што я буду пакараны і буду сядзець у адзіночнай камеры ў выглядзе пакарання. Шчыра кажучы, чакаў гэтага варыянту. Дарэчы, як мне здаецца, калі б я і не пісаў ніякіх заяў, усё роўна, да яго справа дайшла б. Толькі часу болей мурыжылі б ?

[…]

Раней неяк не сабраўся адкаментаваць нядаўні казахстанскі рэферэндум, дзе былі ліквідаваныя ўсё пасады Елбасы, а дэмакратыі дадзены невялікія паслабленні

Мабыць ты памятаеш, калі Назарбаеў перадаў прэзідэнцтва Такаеву, пакінуўшы сабе Саўбез з пашыранымі паўнамоцтвамі, мы з табой абмяркоўвалі гэта. Было відавочна, што такая штучная канструкцыя прывядзе да непазбежнага канфлікту, бо любы падзел улады супярэчыць унутранай логіцы аўтарытарызму. [Нашы казахстанскія партнёры] казалі, што “Такаеў глядзіць Назарбаеву ў рот” і “ніколі супраць яго не выступіць”. […]

Зрэшты, у Назарбаева вялікія заслугі перад казацкай нацыяй, якую ён умацаваў, падняў яе мову і гістарычную свядомасць. Да таго ж, [Казахстан пры Назарбаеве] пабудаваў даволі сучасную самадастатковую эканоміку і ўсталяваў геапалітычны баланс паміж Расіяй, Кітаем і Захадам . Думаю, буйны бізнэс у яго сям’і забяруць, але нешта на жыццё пакінуць.

Што тычыцца тутэйшых “канстытуцыйных гульняў”, то яны выглядаюць, у параўнанні з казахскімі, яшчэ больш недарэчнымі і смешнымі”.

Мікалай Статкевіч, ПК №13 г. Глыбокае

Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі».