Псіхалагічная разнастайнасць
З ліста ад 10.10.2022
“Чарговы перапынак у ліставанні, як заўсёды, выкліканы ШІЗА. На гэты раз быў там з 5.10 па 10.10. Ужо неяк і прызвычаіўся да змены відаў пакаранняў – “адзіночка” – ШІЗА – “адзіночка” ? Псіхалагічная разнастайнасць у такіх абставінах карысная.”
“У “СБ” прачытаў лаянку на Алеся. Там жа прачытаў, што Алесь разам з расійскімі ды ўкраінскімі праваабаронцамі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Рады за яго і нас, бо невялікая Беларусь мае ўжо двух Нобеляў. І з такім невялікім інтэрвалам.
Мае віншаванні Алесю Бяляцкаму і Наташы.”
“Уразіла рашэнне Крамля пра анэксію чатырох украінскіх абласцей. Цяпер знікае нават прадмет для перамоў паміж Кіевам і Масквой. І застаецца толькі вайна на знясільванне. Гледзячы на эскалацыю паветраных удараў па Кіеву і іншым украінскім гарадам у Крамлі хочуць пазбегнуць зацягвання канфлікту, бо эканамічную вайну на працягу доўгага часу Расіі весці вельмі складана. Бо гэта будзе вайна з паловай свету.
Трывогу выклікае размяшчэнне новых расійскіх войскаў на нашай зямлі. Заявы пра тое, што гэта “на ўсялякі выпадак”, не супакойваюць.
Ты памятаеш, што я пісаў у студзені пра другі магчымы накірунак ўдару. Да таго ж, чужыя войскі лёгка ўпусціць і вельмі цяжка ад іх пазбавіцца.”