Навіны

Пяць спосабаў трапіць на заблакаваныя сайты не з зоны.by

Каб цалкам закрыць доступ да нечага ў інтэрнэце, гэтае нешта трэба бадай заліць напалмам. Блакаванні на нацыянальным узроўні абыходзяцца безліччу шляхоў. «Наша Ніва» прыводзіць пяць самых простых. Захавайце сабе на камп\’ютары! 

З 19 снежня 2014 года ў Беларусі стаў заблакаваным шэраг фармальна не забароненых інтэрнэт-сайтаў.

І калі «Хартыя» хутка трапіла «пад амністыю», то «Беларускі партызан» застаецца заблакаваным, а ў кампанію да яго дадаліся Prokopovi.ch і газета «Салідарнасць».

У адрозненне ад Tut.by I Onliner.by, доступ да якіх быў цяжкім праз праблемы ў дата-цэнтры (верагодна, уся краіна кінулася чытаць пра курс рубля), у згаданых вышэй сайтаў не было тэхнічных праблем. Сігнал да іх не даходзіў звычайнымі шляхамі (абрываўся на сетцы «Белтэлекама» Belpak), але сайты нармальна адкрываліся любым з гэтых шляхоў:

Эканомныя браўзеры

Некалі надзвычай папулярны ў Беларусі браўзер Opera мае чароўную функцыю сціскання трафіка — Opera Tubro альбо Off-Road Mode. Яна дазваляе не толькі эканоміць мегабайты на лімітаваных тарыфах, але і праходзіць на забароненыя сайты. Падобную функцыю мае і раісійскі Яндекс.Браузер на базе Chromium.

Абодва браўзеры маюць як версіі для настольных камп’ютараў, так і версіі для смартфонаў. Славутая Opera Mini ставіцца практычна на любую «званілку» з доступам у інтэрнэт.

Магія адбываецца так. Каб сайт грузіўся хутчэй ды спажываў меней трафіку, звесткі з яго дастаўляюцца не наўпрост чытачу, а праз сервер, на якім карцінкі канвертуюцца ў трошкі ніжэйшую якасць (але з заўважна ніжэйшай «вагой»). А той сервер-та не заблакаваны на ўзроўні правайдэра!

Мінус — будуць праблемы з Flash-анімацыяй, не сціснецца (і можа не адлюстравацца) відэа.

Да таго ж, падобныя функцыі можна заблакаваць на ўзроўні правайдэра адным махам. Будзе скандальчык, але не вялікі.

Іншыя браўзеры

Для тых, каму не падабаюцца Opera ды «Яндэкс», таксама ёсць простыя спосабы. З дапамогай расшырэння Hola можна навучыць абыходзіць блакіроўкі і Firefox, i Chrome, і нават Internet Explorer. Яно ёсць і для смартфонаў. Для першых двух браўзераў таксама ёсць расшырэнні ZenMate і friGate на выпадак, калі вам на спадабалася Hola.

Адно з расшырэнняў можа «палегчы» па незалежных ад нацыянальных блакіровак прычынах. Але калі памятаць пра ўсе тры, ніякая блакіроўка не страшная.

Ананімайзеры

Часам няма магчымасці ўсталяваць іншы браўзер альбо расшырэнне на яго. У такім выпадку ўратуюць адмысловыя сайты (вэб-проксі), праз якія можна выходзіць на заблакаваныя рэсурсы. Фармальна вы на дазволеным сайце А, насамрэч у яго вакне вам паказваецца сайт В. Бездакорна працуе proxfree.com, сваю надзейнасць даказаў cameleo.ru, лёгка запамінаецца назва hide.me.

Хуткасці пры такіх шляхах не заўсёды цешаць, а з відэа могуць быць праблемы, затое нічога не трэба ўсталёўваць.

VPN

Віртуальныя прыватныя сеткі не маюць такіх недахопаў, але абсалютная большасць з іх платная. Магія такая: вы просіце нейкую сетку загрузіць вашыя звесткі і самі падключаецеся да той, не заблакаванай для вас сеткі.

Сярод бясплатных раім паспрабаваць FrootVPNVPNBook ці OpenVPN, сярод недарагіх (1 даляр на месяц) параім prostovpn, з болей дарагіх (10 даляраў на месяц) — славуты HideMyAss. Многія VP маюць уласныя праграмы для смартфонаў.

Tor

Падчас маўклівых пратэстаў у 2011 годзе на рабочым стале аўтара красаваўся значык Tor, а пад ім подпіс: «Сёння серада».

Для тых, каму патрэбны доступ на пэўныя сайты пры любых умовах, а таксама для экстрэмалаў, якім трэба не толькі трапіць на заблакаваны рэсурс, але і застацца гарантавана ананімным, існуе «цыбулевы роўтэр» Tor. Сігнал перадаецца мноства раз зашыфраваным і кожны перадатчык здымае толькі адну «скурку» цыбуліны шыфравання, каб даведацца, куды далей слаць сігнал.

Мінусы такога падыходу — нізкія хуткасці і нестабільнае падключэнне.

Браўзер Tor ёсць для Windows, Linux і MacOS, для iOS ёсць Onion Browser, а для Android ёсць Orbot.

P.S. Не забывайце пра сацсеткі

У незалежнасці ад таго, заблакаваны сайт ці проста «ляжыць» пад наплывам наведнікаў («Нашай Ніве» таксама нялёгка вытрымліваць рэзкае падвышэнне ўвагі чытача), навіны сайта можна даведацца ў сацсетках.

Не забудзьце падпісацца на акаўнты любімых выданняў!

P.P.S. Перапісвайцеся бяспечна

Калі закранаецца тэма блакіровак ў інтэрнэце, варта прыгадаць і пра тайну перапіскі. Спецслужбы і зламыснікі могуць узламаць пошту ці ваш акаўнт у сацсетцы. Таксама як у выпадку здзяйснення вамі злачынства спецслужбы запросяць доступ да вашага Skype-акаўнта.

Але ёсць мноства мэсэнджэраў, надзейна абароненых ад узломаў ды не скампраметаваўшых сябе неабгрунтаванымі «здачамі» спецслужбам сваіх кліентаў.

Напрыклад, яшчэ ніхто не атрымаў абяцаныя 300 тысяч даляраў за ўзлом мэсэнджэра грамадзяніна Сэнт-Кітс і Нэвіс Паўла Дурава Telegram. Проста не выйшла зламаць.

А мэсэнджэру з беларускімі каранямі Viber давяраюць настолькі, што нават прэзідэнт краіны, што знаходзіцца ў стане антытэрарыстычнай аперацыі, супакойна вядзе ў ім перамовы з супартыйцамі.

Аляксандр Арсёнаў, Наша Ніва