Мікалай Статкевіч пра тэлебачаньне ў шклоўскай калёніі: Рыхтуюць патрыётаў суседняй краіны?
Палітвязень Мікалай Статкевіч, які цяпер адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, падзяліўся назіраньнямі пра парадкі ў гэтай папраўчай ўстанове, якія тычацца прагляду тэлевізійных праграм. Распавяла жонка палітка Марына Адамовіч.
«Напісаў, што там ёсьць пэўныя так бы мовіць парады, у які час трэба глядзець якія каналы. Дык раюць у прайм-тайм глядзець расейскія каналы РТР і НТВ. Мікалай на гэта задаецца пытаньнем, патрыётаў якой дзяржавы яны гэтым рыхтуюць? Па сутнасьці гэта нагадвае тое, пра што ён пісаў і з Магілёва, дзе захавалі пакет кабельных расейскіх каналаў. Тады ён таксама абураўся, маўляў, каго выхоўваюць?»
У шлоўскай калёніі, дзе Мікалай Статкевіч ужо больш за месяц, ён па-ранейшаму не атрымаў працы. «Тут лепш з тэлефанаваньнямі. Разы тры на месяц можна званіць, з магілёўскай турмы было раз на месяц», — адзначае Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч — адзіны з кандыдатаў на прэзыдэнта падчас выбараў 2010 году, які застаецца за кратамі. Палітыка асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых забурэньняў пасьля выбараў. Сваёй віны Мікалай Статкевіч не прызнаў і адмлвіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.