Навіны

Жонкі палітвязняў: Пачалася кампанія па поўнай інфармацыйнай ізаляцыі

Год таму сваякі палітвязняў аб\’явілі аб стварэнні грамадскай ініцыятывы “Вызваленне”. З гэтай нагоды ў Мінску адбылася адмысловая прэсканферэнцыя. Гаварыць ад свайго імя сваякі даручылі тым жанчынам, чые блізкія і сёння за кратамі.

Вольга Бандарэнка (жонка Змітра Бандарэнкі), Марына Адамовіч (жонка Мікалая Статкевіча) і Ірына Халіп (жонка Андрэя Саннікава) у адзін голас кажуць пра тое, што атрымаць інфармацыю пра стан спраў палітвязняў робіцца ўсё больш і больш складана.

 

Марына Адамовіч: “Ёсць асэнсаванне, што гэта спланаваная акцыя па поўнай інфармацыйнай ізаляцыі нашых мужчын. Кожная інфармацыя, якая з’яўляецца з калоніі, выклікае раздражненне. У іх усе вінаватыя: і мы, і журналісты, і пошта, і ЗАГС… Толькі б не палкоўнікі — невялікія мужчыны з вялікімі зоркамі”.

Палітвязня Мікалая Статкевіча ў калоніі чакае суд як злоснага парушальніка. Парушэнні, якія прыпісалі Статкевічу, вельмі дробныя. Тым не менш, верагодна, што 13 студзеня яго, як злоснага парушальніка, могуць этапаваць у Магілёў.

 Пакуль жа Мікалай Статкевіч застаецца ў шклоўскай калоніі №17. Па словах жонкі, штодня ён атрымлівае шмат лістоў і навагодніх віншаванняў.

Марына Адамовіч: “Сёння яму прыносяць ад 30 да 50 лістоў за дзень. Натуральна, нават фізічна на іх немагчыма адказаць. Тым больш, што ў гэтым памяшканні няма дзённага святла — толькі адна маленькая лямпачка. То бок, калі ён нешта піша, дык піша ўсляпую. І канвертаў яму там ніхто не падносіць — ёсць жа толькі 35 тысяч на “атаварку” на месяц”.

Таму палітвязень,экс-кандыдату прэзідэнты Мікалай Статкевіч дзякуе ўсім, «хто працягвае змагацца за свабоду, а таксама тым, яго падтрымлівае» і просіць прабачэння ў тых, каму не здолее адказаць на словы падтрымкі і віншаванні, дасланыя ў калонію.

Прывітанне ён перадаў праз сваю жонку Марыну Адамовіч, якая мела спаткаванне з палітвязнем 20 снежня ў Шклоўскай калоніі.

 

Марына Адамовіч, Вольга Бандарэнка, Ірына Халіп і Марына Лобава (маці Змітра Лобава)

Па словах Марыны Адамовіч, Мікалая Статкевіча выводзяць гуляць аднаго, і толькі ў цёмны час сутак. Кіраўніцтва калоніі абмяжоўвае яго кантакты з іншымі зняволенымі. Па выхадзе з ШЫЗА Статкевіч утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, таксама ў адзіноце.

 

Вольга Бандарэнка сцвярджае, што ў лістах яе мужу не дазваляюць пісаць нічога, што магло б стаць інфармацыйнай нагодай, што выкрэсліваюць нават бяскрыўдныя філасофскія разважанні Змітра.

 “Ён кажа некаторыя такія рэчы, ад якіх валасы дыбам устаюць. Кажа: “Воля, тут ціск такі, што настройвайся на тое, што я адсюль не выйду ніколі”. Зараз усё ідзе да таго, што ён рана ці позна трапіць у ШЫЗА. Ужо былі ўнутраныя правакацыі, і ён ужо быў на валасок ад ШЫЗА, яго туды ўжо накіроўвалі… Але пакуль што ён трымаецца. І кажа: “Калі будуць такія правакацыі працягвацца, я скончу жыццё самагубствам, бо іншага выйсця няма”.

На думку Вольгі Бандарэнкі, узмацненне ціску на яе мужа і іншых палітвязняў сведчыць пра тое, што ўлады гатовыя іх выпусціць. Маўляў, таму і ціснуць, што хочуць, каб вязні як мага хутчэй напісалі прашэнні аб памілаванні.

 

Тым часам стан здароўя Змітра Бандарэнкі застаецца цяжкім. Па словах жонкі, ад вялікай колькасці лекаў, якія неабходна было прымаць у звязку з язвай страўніка і аперацыяй на пазваночніку, у яго пачаліся праблемы з ціскам і забалелі ныркі.

Ірына Халіп, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, не разлічвае на хуткае вызваленне палітзняволеных. «Ніхто нікога не хоча выпускаць і не збіраецца выпускаць. Навошта націскаюць, навошта іх спрабуюць паставіць на калені і напісаць гэтыя паперкі з фразай: „Прашу мяне вызваліць“? Гэта вельмі проста. Калі хуліганы абрабуюць ваш дом, яны могуць нагадзіць і пасярод вашага пакоя ўжо пасля таго, як вынеслі ўсе рэчы. Гэтыя паводзіны абсалютна той жа лініі і таго ж парадку. Тыпу: давайце мы, мала таго што іх пасадзілі, ім яшчэ і нагадзім, прымусім іх напісаць прашэнне аб памілаванні, а потым не задаволім», — заявіла Халіп.

Ірына Халіп кажа, што не мае ніякіх звестак пра стан здароўя мужа. Усё, што атрымліваецца даведацца, гэта “як нехта бачыў, што Саннікава вялі ў медсанчастку”.

Па словах Ірыны Халіп, узмацніўся ціск і на адваката Саннікава Марыну Кавалеўскую.

 

Вольга Бандарэнка і Ірына Халіп