Грамадскія актывісты з Баранавіч наведалі бацьку палітвязня Мікалая Статкевіча
Бацька Мікалая Статкевіча – Віктар Паўлавіч – падзяліўся 22 чэрвеня з гасцямі ўспамінамі аб Вялікай Айчыннай вайне.
Такая ўвага да 89-гадовага чалавека ў гэты дзень невыпадковая. Так склалася, што бацьку Віктара немцы забілі на вачах сына за дзень да вызвалення Слуцкага раёна ад фашысцкіх захопнікаў. У гэты дзень улетку 1944 года партызаны сабралі маладых хлопцаў, у тым ліку і Віктара Статкевіча, і загадалі ім спілаваць тэлефонныя слупы, каб перарваць сувязь акупантам. Нехта данёс немцам, што сярод дыверсантаў быў і Віктар Статкевіч, і гітлераўцы прыйшлі ў яго двор з намерам забіць юнака. Але калі стралялі ў яго, бацька ў апошні момант засланіў сына і загінуў сам.
Яшчэ Віктар Паўлавіч расказаў, як людзі жылі ў вайну, як ён кожны вечар вадзіў карову ў лес за тры кіламетры – хаваў, каб не забралі партызаны.
Ужо шосты год запар сябры Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны наведваюць 22 чэрвеня бацьку палітвязня, прыносяць яму кнігі пра вайну, раздрукоўкі з інтэрнэта, якія тычацца гэтай тэматыкі.